У Вільні назвалі пераможцаў конкурсу «Вольнае слова»



8 верасня 2023 году ў Вільні у Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў, назвалі лаўрэатаў галоўнага творчага конкурсу для беларускіх незалежных журналістаў «Вольнае слова».

Пра традыцыі конкурса распавядае кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец:

-«Вольнае слова» праводзілася БАЖ з 2007 года. А ў мінулым годзе мы не змаглі гэтага зладзіць і гэта здавалася немагчыма, бо журналісты трапілі пад ціск. Хтосьці выязджаў з краіны, кагосьці пераследавалі. І пытанне якасці журналістыкі нібыта сышло на другі план. Але мы бачым, што гэта тэма абмяркоўваецца, што яна вельмі значная і для саміх журналістаў, і для аўдыторыі.

Па словах Андрэя Бастунца, аднавіць конкурс удалося дзякуючы Еўрапейскай федэрацыі журналістаў:

-Тое, што мы з дапамогай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў змаглі гэты конкурс аднавіць, я лічу гэта вельмі значным. І плюс гэта падтрымка тым журналістам, якія працуюць у цяжкіх умовах, ацэнка іх працы з боку калегаў – гэта таксама вельмі матывуючы фактар.

Сярод пераможцаў журналісты «Радыё Свабоды», «Салідарнасці», „Белсата”, «Нашай Нівы» і Беларускага расследавацельскага цэнтру. Больш падрабязна з вынікамі конкурсу можна пазнаёміцца на сайце БАЖ.

Беларускае Радыё Рацыя