Бацьку палітзняволенага падлетка Мікіты Залатарова асудзілі трэці раз запар



У пятніцу ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля адбыўся яшчэ адзін суд над гамельчуком Міхаілам Лапуновым, піша «Вясна». Як і ў абодва папярэднія разы, яго судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Кіравала судовым працэсам суддзя Алеся Восіпава. Прысуд пакуль невядомы. Раней Міхаілу прызначылі 30 сутак арышту.

Сын Міхаіла — Мікіта — адзін з самых маладых з затрыманых у выніку пратэстаў 2020 года. На той момант 16-гадовага Мікіту, хворага на эпілепсію, абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калоніі. Пазней на хлопца пачалі яшчэ адну крымінальную справу — за тое, што ён нібыта напаў на супрацоўніка СІЗА і пагражаў яго родным. Агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4 гады і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі.