Як выглядае царква, пабудаваная ў гонар бітвы пад Воршай?



У сталіцы Літвы, Вільні, непадалёк ад Вострай брамы, насупраць былой беларускай гімназіі месціцца Траецкая царква, пабудаваная ваенным дзеячам ВКЛ, гетманам Канстанцінам Астрожскім у гонар бітвы над Воршай.

Кароль Жыгімонт I за заслугі вялікага гетмана літоўскага князя Канстанціна Астрожскага і ў падзяку за перамогу ў бітве пад Воршай дазволіў яму пабудову ў Вільні дзвюх каменных цэркваў, у тым ліку Свята-Траецкай.

Першапачаткова храм паўстаў на месцы першай хрысціянскай капліцы, яго будавалі з дубовага бярвення, што некалі служылі для адпраўлення паганскіх рытуалаў. 

Каменная царква была ўзведзеная ў 1514 годзе, па форме яна была гатычнай, з контрфорсамі, высокім дахам і трохкутным франтонам. Адначасова на сродкі Канстанціна Астрожскага быў узведзены будынак кляштара. Побач з храмам паўстала і высокая васьмікутная званіца.

Традыцыйна пробашчам Траецкага сабора прызначаўся мітрапаліт усяе Літвы, значэнне храма было вельмі вялікае для вернікаў. У тым жа XVI стагоддзі тут працавала кнігадрукарня, якая выпускала кнігі на расейскай і літоўскай мовах. Тады ж пры кляштары адкрылася першая праваслаўная духоўная семінарыя.

У нашы дні беларускай дыяспары было складана ўтрымліваць дзве ўніяцкія святыні ў Вільні, таму зараз Траецкай царквой  валодае Украінская ўніяцкая царква (грэка-каталіцкая). Цяпер там вядзецца рамонт, якога не было доўгі час. Але паступова храм аднаўляецца і становіцца больш прывабным.

Даведка: Канстанцін Іванавіч Астрожскі (1460—1530) —адзін з самых славутых герояў беларускай гісторыі, вялікі абаронца Айчыны. Паходзіў з роду турава-пінскіх князёў, нашчадкі якіх з канца XIV стагоддзя мелі галоўнай рэзідэнцыяй горад Астрог на Валыні. Вайсковую службу пачаў удзелам у барацьбе з крымскімі татарамі ды ў першай вайне Маскоўскай дзяржавы супраць Вялікага Княства Літоўскага. 

Як найбольш таленавіты вайсковы кіраўнік ва ўзросце 37 гадоў атрымаў чын гетмана найвышэйшага —галоўнага начальніка над войскам дзяржавы — ды неўзабаве здабыў еўрапейскую славу. У змаганні з крымскімі татарамі і маскоўскімі заваёўнікамі Астрожскі не меў сабе роўных. Згодна з надпісам на ягоным надмагіллі, гетман 63 разы дамагаўся перамогі над імі. Асабліва слаўнай была перамога над амаль утрая большым маскоўскім войскам пад Воршай 8 верасня 1514 года, якой Астрожскі фактычна ўратаваў краіну ад чужога панавання.

Аршанская бітва ўвайшла ў еўрапейскія хрэстаматыі ваеннай гісторыі як узор удалай тактыкі змагання з нашмат большымі сіламі ворага, як прыклад вырашальнага ўплыву таленту і майстэрства вайсковага начальніка на вынік баталіі. 

Нястомна рупячыся пра належную абарону Вялікага Княства, найвышэйшы гетман не шкадаваў ні свайго жыцця, ні сродкаў, ды на ўласныя грошы ставіў харугвы вершнікаў. 

У Еўропе Канстанціна Астрожскага называлі “Ромулам”, “другім Ганібалам”, “князем, найбольш вартым светлай памяці”.  

Беларускае Радыё Рацыя