Балючая параза польскай зборнай
Зборная Польшчы па футболе прайграла ў Тыране камандзе Албаніі з лікам 0:2 і пацярпела трэцюю паразу ў адборавым цыкле Еўра-2024, і гэта ўжо найгоршы вынік у кваліфікацыі на вялікі турнір за апошнія 10 гадоў. На 30-й секундзе матч быў на імгненне перапынены з-за таго, што з сектара, занятага самымі заўзятымі заўзятарамі зборнай Албаніі, на поле паляцелі фаерныя сігналы. Зборная Даніі на выездзе справілася з камандай Фінляндыі – 1:0. Адзіны мяч забіў паўабаронца П’ер Хейб’ерг. Фарэрскія выспы саступілі Малдове – 0:1. Чарнагорыя абыграла Балгарыю – 2:1.
Флік звольнены з пасады галоўнага трэнера зборнай Германіі
Тым часам галоўны трэнер зборнай Германіі Ханс-Дзітэр Флік пакінуў сваю пасаду, паведамляецца на афіцыйным сайце нямецкага футбольнага саюза. У бліжэйшым матчы камандай будзе кіраваць Рудзі Фёлер. Флік узначальваў зборную Германіі з 2021 года. Пад яго кіраўніцтвам каманда правяла 25 матчаў, у якіх святкавала 12 перамог, 7 разоў згуляла ўнічыю і саступіла ў 6 сустрэчах. Зборная Германіі не выйшла з групы на ЧС-2022 у Катары. У наступным годзе Нямеччына стане гаспадаром чэмпіянату Еўропы па футболе.
Зборная Беларусі па міні-футболе выйграла турнір у Мінску
Зборная Беларусі стала пераможцам міжнароднага турніру па міні-футболе, прысвечаным 956-годдзю Мінска. У заключным паядынку на паркеце сталічнага спарткомплексу падначаленыя Аляксандра Чэрніка з мінімальнай перавагай перайгралі зборную Таджыкістана – 3:2.
Баскетбалісты зборнай Германіі ўпершыню сталі чэмпіёнамі свету
Баскетбалісты зборнай Германіі ўпершыню сталі пераможцамі чэмпіянату свету. У філіпінскім Пасаі ў вырашальным паядынку 19-га мужчынскага планетарнага форуму немцы нечакана абыгралі патэнцыйнага фаварыта фіналу каманду Сербіі з лікам 83:77. У паўфіналах зборная Германіі апынулася мацней за амерыканцаў – 113:111, а сербы перамаглі канадцаў – 95:86. У матчы за бронзавыя ўзнагароды каманда Канады ў авертайме ўзяла верх над зборнай ЗША – 127:118. Наступны мужчынскі чэмпіянат свету па баскетболе пройдзе ў 2027 годзе ў Катары.
„Юнацтва” адыгралася з 1:3 і адолела „Брэст”
У рамках рэгулярнага чэмпіянату Betera-Экстралігі завяршыліся два паядынкі. „Юнацтва” перайграла „Брэст” з лікам 5:3. Сталічны клуб закінуў чатыры шайбы ў трэцім перыядзе, дублі аформілі Аляксандр Кітараў і Станіслаў Кучкін. „Хімік” саступіў „Магілёву” з лікам 1:2. Аляксандр Жыдкіх закінуў сваю 300-ю шайбу ў чэмпіянатах Беларусі.
Валейбалісткі „Мінчанкі” без паразаў прайшлі групавы этап Кубка Расеі
Салігорскі „Шахцёр” і сталічная „Мінчанка” працягваюць выступы ў розыгрышах мужчынскага і жаночага Кубкаў Расіі па валейболу. У нядзелю ў заключным матчы групавой стадыі папярэдняга этапу жаночага Кубка Расеі дзяўчаты з „Мінчанкі” ў трох партыях разабраліся з валейбольным клубам „Мурам”. Такім чынам, беларускі з трыма перамогамі занялі першае месца ў адборавай групе „Г”. Далей „Мінчанку” чакаюць матчы першага раунда плэй-оф, якія пройдуць 15 і 20 верасня.
Беларускае Радыё Рацыя
