„Багач” у Вільні
У Вільні скончыўся Тыдзень беларускай культуры традыцыйным восеньскім беларускім абрадам “Багач”. Ён ладзіўся на падворку Цэнтра беларускай супольнасці і культуры. Праводзілі яго ўдзельніцы гурта “Беларускі цуд”.
Кажа кіраўніца гурта Святлана Чакушка:
– Гэта такі старажытны абрад, які быў прымеркаваны, па-першае, да восеньскага раўнадзенства. Потым, з прыходам хрысціянства, – да нараджэння Святой Багародзіцы. Ён па-рознаму называўся ў розных рэгіёнах і, наколькі я ведаю, быў больш распаўсюджаны менавіта на тэрыторыі пасялення крывічоў, то бок на Міншчыне, на Падзвінні. Звычайна гэта свята заканчэння такога актыўнага сельскагаспадарчага года.
На беларускі абрад прыйшлі паглядзець і мясцовыя жыхары. Паводле Роберта Баркоўскага, ён заўважыў падабенства абрадаў двух народаў.
– Народнае, сваё. Бачна, што для вас, беларусаў, гэта вельмі важна – культура, утрыманне гэтай культуры. Супольнасць ваша такая вельмі-вельмі моцная, гэта адчуваецца, і гэта вельмі крута.
Можна знайсці такія агульныя рысы паміж Вільнюскім раёнам, вёскай, і ў вас. Бачна, што культура падобная і вельмі блізкая нават.
Пасля абраду “Багач” ладзіліся супольны абед са стравамі беларускай кухні, беларускія народныя танцы, бяспройгрышная латарэя “Багач”, супер-прызам якой быў гарбуз на 6,5 кілаграмаў.
Таксама працавала сялянская фотазона, імерсійная выстава “Лес беларускіх нячысцікаў і казак”.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя