Агляд прэсы: Базавыя навыкі салідарнасці
Беларускае пашпартнае «лімба». Саміт G20: поспех ці правал? Нобелеўскі фонд адклікае запрашэнне Расеі. Палітычныя перспектывы землятрусу ў Марока. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Пашпартны ўказ» Лукашэнкі накіраваны не толькі на ўскладненне жыцця беларусаў, якія вымушана выехалі з краіны па меркаваннях бяспекі, але і з’яўляецца формай рэпрэсій. Гэты крок рэжыму чакана выклікаў залп крытыкі і асуджэння на Захадзе. Акрамя таго, ён актуалізаваў пытанне прызнання новага беларускага нацыянальнага пашпарта, распрацаванага Аб’яднаным пераходным кабінетам. Праўда, перспектывы міжнароднага прызнання дакумента застаюцца туманнымі. «Таксама Захад не забывае і аб іншых прэтэнзіях да рэжыму: у прыватнасці, удзелу ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый. І вось да купы тысячы беларусаў апынуліся ў падвешаным стане», – піша міжнароднае выданне Globalvoices.
«Для тых, хто знаходзіцца за межамі Польшчы і Літвы, дзе ўжо адпрацаваны механізмы легалізацыі беларусаў без пасярэдніцтва рэжыма Беларусі, людзі, хутчэй за ўсё, будуць залежаць ад сваёй краіны пражывання і ад яе жадання пайсці насустрач беларусам у гэтай сітуацыі. Некаторыя з іх могуць апынуцца ў падвешаным стане з правам заставацца ў краіне пражывання, але з жорсткімі абмежаваннямі правоў на перамяшчэнне. Застаецца толькі назіраць, як разгорнецца гэтая дыпламатычная нявызначанасць», – канстатуе міжнароднае аналітычнае выданне.
* * *
Саміт G20 у Нью-Дэлі завяршыўся кампрамісам, які быў дасягнуты з немалой працай. Хоць кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін-удзельніц і падкрэслілі значэнне тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў, яны наўпрост не асудзілі вайну Расеі супраць Украіны. З уступленнем у Вялікую дваццатку Афрыканскага саюза Глабальны Поўдзень атрымаў зараз большую вагу. Аглядальнікі спрачаюцца пра тое, ці мае месца радыкальнае змяненне балансу сіл у свеце.
Будапешцкая газета Népszava занепакоена тым фактам, што выніковая дэкларацыя саміту не ўтрымлівае адназначнага асуджэння вайны Расеі супраць Украіны.
«Справядліва ўзнікае пытанне, чаму ЗША і Еўразвяз пагадзіліся падпісаць такую дэкларацыю, якая нічога не кажа. Найважнейшая прычына заключаецца ў тым, што Індыя сёння стала надзвычай важная для Бруселя, і ўжо тым больш для Вашынгтона. Сустрэча Вялікай дваццаткі не завяршылася перамогай дэмакратычнага свету, а, хутчэй, у чарговы раз прадэманстравала, што свет перажывае сур’ёзныя змены. Голас краін з парогавай эканомікай чуецца ўсё гучней. Свет становіцца шматпалярным, а Вашынгтон губляе сваю гегемонію. Пытанне заключаецца толькі ў тым, ці не прайграе глабальная дэмакратыя ў доўгатэрміновай перспектыве», – наракае венгерскае выданне.
* * *
Пад палітычным ціскам Нобелеўскі камітэт аднавіў забарону на ўезд расейскіх, беларускіх і іранскіх пасланнікаў. «Нобелеўскі фонд ужо пашкадаваў аб сваім рашэнні запрасіць амбасадараў Расеі, Беларусі і Ірана на штогадовую цырымонію ўзнагароджання ў Швецыі ў снежні. Ранейшае рашэнне фонду запрасіць гэтых амбасадараў выклікала абурэнне ўкраінскіх і шведскіх палітыкаў», – піша мясцовая газета Nord.News.
«Расея і Беларусь былі адхіленыя ад леташняй прэміі з-за канфлікту ва Украіне, а Іран быў выключаны з-за антыўрадавых пратэстаў, якія адбываліся ў той час у Тэгеране. Аднак фонд абвясціў, што на сёлетнюю цырымонію будуць запрошаны амбасадары ўсіх трох краін, каб спрыяць «дыялогу паміж людзьмі з рознымі поглядамі». Праз два дні гэтыя запрашэнні былі адкліканыя. Аднак амбасадары Расеі, Беларусі і Ірану ўсё ж будуць запрошаныя на асобную цырымонію ў Осла, дзе адбываецца ўручэнне Нобэлеўскай прэміі міру. Рашэнне запрасіць амбасадараў выклікала рэзананс у Кіеве. Леташняя прэмія міру была прысуджана антыўрадавым актывістам у Расеі і Беларусі, а таксама ўкраінскай няўрадавай арганізацыі, якая абвінаваціла расейскія сілы ў ваенных злачынствах. У нядаўняй заяве фонд назваў гэта «ясным палітычным пасланнем»», – піша шведскае выданне.
* * *
У Марока ў выніку моцнага землятрусу загінула сама меней 2100 чалавек. Многія атрымалі раненні і траўмы. Пошук людзей пад заваламі працягваецца. Эпіцэнтрам землятрусу сталі Атласкія горы; услед за першым штуршком рушыла ўслед нямала новых. Многія краіны прапанавалі Марока сваю дапамогу, аднак Рабат пагадзіўся прыняць дапамогу толькі некаторых з іх, у адпаведнасці з «дбайнай ацэнкай патрэбаў на месцах», як было афіцыйна заяўлена міністэрствам унутраных спраў краіны.
«Услед за стыхійнымі бедствамі нярэдка прыходзяць і палітычныя змены», – адзначае мюнхенская газета Süddeutsche Zeitung.
«У выпадку Марока ўсё круціцца вакол пытання Заходняй Сахары, былой калоніі Гішпаніі, якая з 1975 года знаходзіцца пад кантролем Марока. Гішпанія, якая ў пытанні Заходняй Сахары толькі нядаўна ўстала на бок Марока, накіравала ў краіну сваіх ратавальнікаў. Суседні з Марока Алжыр у сваю чаргу падтрымлівае сухараві – жыхароў Заходняй Сахары, у іх памкненні да незалежнасці; дый спачуванні з боку Алжыра рушылі ўслед толькі праз некаторы час. Тым не менш, Алжыр адкрыў сваю паветраную прастору для самалётаў з гуманітарнымі грузамі. У лепшым выпадку палітычныя наступствы стыхійных бедстваў могуць выглядаць і так: варожыя адна адной дзяржавы зноў пачынаюць збліжацца», – адзначае нямецкае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя