Уладзіслаў Жывіца: Смаляне роднасныя беларусам, і будуць будаваць сваю незалежную рэспубліку
Месяц таму праект ініцыятывы Смаленскай Рэспублікі з чыста медыйнай сферы трансфармаваўся ў паўнавартасны грамадска-палітычны рух. У Варшаве быў зачытаны маніфест — I-ы Унівэрсал Смаленскага Рэспубліканскага Цэнтру, які і будзе працаваць у выгнанні над стварэннем незалежнай смаленскай рэспублікі.
Вольга Сямашка, пагутырала са старшынём Смаленскага рэспубліканскага цэнтра ў Польшчы Уладзіславам Жывіцам пра тое, кім і ў складзе якой дзяржавы адчуваюць сябе смаляне; якія адносіны могуць быць паміж Беларуссю і Смаленскай Рэспублікай; ды якія паралелі ў адстойванні незалежнасці ў выгнанні можна правесці паміж беларускай і смаленскай дэмакратычнымі сіламі:
— Мы імкнемся аддзяліцца ад Маскоўскага ўплыву. Нашая будучнасць пэўна не ў складзе Расейскай Федэрацыі, і не ў складзе нейкай наступнай дзяржавы, што пакіне атрыбуты цяперашняй Расейскай Федэрацыі. Мы не верым, што Расейская дзяржава зможа змяніцца.
РР: Паводле базавых паняткаў ААН, кожная нацыя мае права на самавызначэнне, калі адчувае сябе адзінай нацыяй. Стварэнне Смаленскай рэспублікі гэта мэта вузкай групы, ці гэта лагічнае адчуванне жыхароў Смаленшчыны, маўляў, пара аддзяляцца?
— Гэта лагічнае адчуванне людзей, што пражываюць на тэрыторыі. Я займаўся сацыялагічнымі доследамі, цудоўна ведаю ўсю статыстыку, сацыялогію. І смаляне не адчуваюць сябе расейцамі. І беларусамі сябе не адчуваюць, бо смаляне развіваліся асобна як субэтнас, але смаляне пэўна адчуваюць роднасць з беларусамі.
РР: Калі будзе існаваць Смаленская Незалежная Рэспубліка, якія сувязі могуць быць з Беларуссю? Як Еўрапейскі звяз ці штось яшчэ?
— Мо гэта будзе нешта кшталту абноўленага Еўразвязу, а мо Балта-чарнаморскі звяз. Пэўна хаўрусная дзяржава будзе разам з Беларуссю, без Лукашэнкі.
З „Госцем Рацыі“ — старшынём Смаленскага рэспубліканскага цэнтра ў Польшчы Уладзіславам Жывіцам, камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя