Хакеісты «Гомеля» адыгралі дэфіцыт у тры шайбы і адолелі «Металург» у экстралізе
Трыма матчамі ў Лідзе, Салігорску і Жлобіне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Цэнтральны паядынак вечара быў згуляны ў Салігорску, дзе сышліся фіналісты апошняга розыгрышу Кубка Салея «Шахцёр» і «Віцебск». Асноўныя падзеі матчу разгарнуліся ў другім перыядзе: гаспадары лёду вызначыліся двойчы намаганнямі Міхаіла Шалагіна і Дзяніса Яркіна, «мядзведзі» змаглі адказаць толькі голам Аляксандра Ганчарова. Выратавацца ў заключнай 20-хвілінцы паўночнікі не здолелі, замест гэтага дазволіўшы закінуць у пустую брамку Мікіце Усціненку. У выніку 3:1, «Шахцёр» набірае 10 ачкоў з 10 магчымых на старце сезона. У паралельнай сустрэчы «Нёман» на чужым лёдзе без асаблівых праблем разабраўся з «Лідай» – 4:1, дубль за гарадзенцаў зрабіў Ігар Казячы. Таксама ў панядзелак адбылося «палескае дэрбі» «Металурга» і «Гомеля». Па ходу сустрэчы дзейныя чэмпіёны вялі з лікам 3:0, але ў трэцім перыядзе «рысі» не проста адыграліся, але і выйшлі наперад. Адказаць на такі рывок жлабінчане былі не ў змозе, як вынік – 4:3 на карысць «Гомеля», аўтарам пераможнай шайбы стаў Іван Сякерын.
Асаёнак заняў пятае месца на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы
У Саудаўскай Аравіі працягваецца чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы, на якім пад нейтральным сцягам выступаюць беларускія спартоўцы. У панядзелак мужчыны разыгрывалі медалі ў вагавай катэгорыі да 89 кг, дзе нашу каманду прадстаўляў Пётр Асаёнак. У рыўку беларус падняў штангу вагой 170 кг, у штуршку вынік склаў 201 кг. Сума Асаёнка 371 кг дазволіла яму заняць пятае месца, адставанне Пятра ад бронзавай пазіцыі склала 10 кг. Чэмпіёнам свету стаў іранец Мірмастафа Джавадзі (сума 384 кг).
Партугалія разграміла Люксембург з трыма дублямі, Славакія за 6 хвілін разграміла Ліхтэнштэйн
У групе Н фаварыты лёгка перамаглі аўтсайдэраў. Славакія зняла ўсе пытанні на старце сустрэчы з Ліхтэнштэйнам, забіўшы тры галы за шэсць хвілін. Першы ўляцеў ужо праз 10 секунд пасля стартавага свістка, калі славакі разыгралі з цэнтра поля і закінулі наперад на Ханцко. Дуда пасля памылкі галкіпера падвоіў перавагу, пасля чаго вызначыўся Мак. Партугалія нават без Раналду разнесла Люксембург 9:0. Яшчэ ў першым тайме Рамус і Інасіу аформілі па дублю. У другім тайме забілі Жота, Орта зрабіў дубль, а Бруну і Феліш паставілі кропку. У трэцім матчы гэтай групы Ісландыя літаральна на апошніх секундах вырвала перамогу над Босніяй і Герцагавінай. Фінбогасан завяршыў зацяжную фінальную атаку. Ісландцы набралі 6 ачкоў і дагналі балканцаў у табліцы. Славакія з 13 баламі замацавалася на другім месцы, а Партугалія лідыруе з 18 ачкамі.
Уэльс адолеў Латвію. Рэмзі рэалізаваў 11-метровы. У кампенсаваны час Уілсан і Брукс злавілі латвійцаў на контратацы 2:0. Валійцы набралі 7 ачкоў і дагналі Арменію ў табліцы групы D. Латвія на дне з нулём, а першынства дзеляць Харватыя і Турцыя.
Федэрацыя футбола Польшчы гатова звольніць Фернанду Сантуша з пасады трэнера зборнай
Галоўны трэнер зборнай Польшчы Фернанду Сантуш можа быць звольнены, паведамляе інсайдар Нікола Скіра. Паводле інфармацыі крыніцы, Федэрацыя футбола Польшчы гатова прыняць рашэнне па адстаўцы партугальца пасля паразы ад Албаніі 0:2 у рамках адбору да Еўра-2024. Сантуш узначаліў Польшчу ў студзені гэтага года. Пасля 5 тураў зборная займае 4-е месца ў адборавай групе E. У цэлым пад кіраўніцтвам Сантуша палякі правялі 6 матчаў, у якіх тройчы выйгралі і столькі ж разоў прайгралі.
Карлас Алос заявіў, што зборная Беларусі паспрабуе выйсці на чэмпіянат Еўропы
Галоўны трэнер зборнай Беларусі Карлас Алос падзяліўся меркаваннем пра матч з Ізраілем. Мэта простая – пакуль ёсць шанц, мы намагаемся выйсці на Еўра. У нас вельмі збалансаваная група. Калі ёсць 1 працэнт на перамогу, мы паспрабуем, – сказаў Алос. Гульня з Андорай забрала шмат сіл. Зрэшты, Ізраіль знаходзіцца ў такім жа становішчы. Убачым усё на гульні. Матч у Тэль-Авіве будзе іншым. Ён пройдзе пры запоўненых трыбунах і неверагоднай падтрымцы гаспадароў. Памятайце і пра клас супернікаў. Не так даўно Ізраіль правёў цяжкі матч супраць Румыніі, адзначыў Алос. Сустрэча пройдзе сёння і пачнецца ў 19 гадзін. Пасля 5 матчаў кваліфікацыі на чэмпіянат Еўропы зборная Беларусі займае чацвёртае месца ў групе, у актыве чатыры ачкі. Лідыруе Швейцарыя, якая ў 5 матчах набрала 11 балаў.
Беларускае Радыё Рацыя
