Выбары ў Польшчы 2023 на Падляшшы — слухайце і чытайце ў нас



15 кастрычніка ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. У маштабе краіны будзе абрана 460 дэпутатаў у Сойм Рэчы Паспалітай Польшчы, ніжэйшая палата і 100 сенатараў у Сенат Рэчы Паспалітай, вышэйшую палату парламента. У маштабе Падляшскага ваяводства будзе абрана 3 сенатараў і 14 паслоў.

Выбары важныя з некалькіх прычын. Пераможцы ў іх сфармуюць парламент і ўрад, а гэта будзе вызначаць палітыку Польшчы, унутраную і замежную на бліжэйшыя гады. Палітыку ў дачыненні да Беларусі і таксама ў дачыненні да беларусаў, што пражываюць у Польшчы як карэннае насельніцтва (беларуская нацыянальная меншасць) і тых, якія па розных прычынах прыехалі з Беларусі (дыяспара).

У сёлетніх выбарах на спісках розных Выбарчых зарэгістраваных камітэтаў балатуюцца людзі, якія маюць беларускія карані і якія адклікаюцца да беларускага паходжання і культуры.
Радыё Рацыя будзе інфармаваць пра іх ход, пра выбарчую кампанію, пра кандыдатаў, праграмы Выбарчых камітэтаў, выбарчыя законы (ардынацыю) і ўрэшце пра вынікі.

З 15 верасня па 13 кастрычніка будзе ў нас адмысловая выбарчая праграма «Выбары ў Польшчы 2023 — Падляшскія кандыдаты». Яна будзе гучаць апошнюю гадзіну эфіру „Дзень з Рацыяй” з паўторам наступнага дня ў „Раніцы з Рацыяй”.