Беларускі бізнесмен у ЗША прызнаў віну ў абыходзе санкцый
Грамадзянін Беларусі Сяргей Карпушкін, арыштаваны ў ЗША ў красавіку гэтага года, пайшоў на здзелку са следствам і прызнаў віну ў справе пра абыход санкцый, піша Reform.by.
Карпушкін прызнаў, што ўдзельнічаў у схеме куплі металу на 140 млн даляраў у кампаній бізнесмена Сяргея Курчанкі, які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША. У рамках пагаднення Карпушкін павінен кампенсаваць 4,7 млн даляраў даходу ад гэтай схемы.
Сяргей Курчанка — былы ўкраінскі прадпрымальнік. У 2014 годзе ён перабраўся ў Расію. Ва Украіне супраць яго пачалі крымінальныя справы за махінацыі на рынку энергарэсурсаў. Курчанка знаходзіцца пад санкцыямі за прысваенне ўкраінскіх актываў на акупаваных тэрыторыях.
Цукар даражэць не будзе?
Цана цукру застанецца ў Беларусі на ранейшым узроўні, падвышаць яе не плануюць. Пра гэта ў эфіры СТБ распавёў Алег Жыдкоў, старшыня канцэрна “Белдзяржхарчпрам”, паведамляе Blizko.by. Цяпер, паводле яго, няма неабходнасці карэктаваць цэннікі на гэты тавар.
У краіне ідзе ўборка цукровых буракоў. З улікам умоў надвор’я, якія складваюцца на карысць аграрыяў, плануецца сабраць не менш за 5 мільёнаў тон. Гэта, у сваю чаргу, дазволіць вырабіць каля 600 тысяч тон цукру. — Ужо тры заводы ў нас запушчаныя, якія вырабляюць цукар новага ўраджаю, — адзначыў Алег Жыдкоў. — Калі казаць пра ўраджайнасць, то мы ў першыя дні копкі атрымалі вынік, які ў паўтара разу перавышае леташнія лічбы. І ў цэлым мы ацэньваем стан пасеваў як добры.
Запасаў цукру, паводле ацэнак экспертаў канцэрна, хопіць і на патрэбы ўнутранага рынку, і на экспарт. Алег Жыдкоў дадаў, што харчовы рынак адносна цукру цяпер стабільны і будзе забяспечаны на 100%.
Фірму-імпарцёра медыцынскіх масак аштрафавалі на 250 тысяч рублёў
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выявіла парушэнні ў кампаніі “Кампары”, якая пастаўляла медыцынскія маскі ў перыяд пандэміі каронавіруса з Расіі ў Беларусь. Ведамства выявіла перавышэнне вызначаных аптовых надбавак. Фірма “Кампары” пастаўляла медыцынскія маскі з 25 лістапада 2020 года па 22 сакавіка 2023-га.
Эканамічны суд горада Менска прызнаў кампанію і яе службовую асобу вінаватымі ў парушэнні вызначанага парадку фарміравання цэн. Фірму аштрафавалі на больш як 250 тысяч рублёў. Службовай асобе прызначылі штраф у 370 рублёў (10 базавых велічынь).
Самую дарагую кватэру прадалі ў Менску за 580 тысяч даляраў
Самая дарагая кватэра, якую прадалі ў беларускай сталіцы ў жніўні, знаходзіцца ў раёне Нямігі – у жылым комплексе “У Троіцкага”. Дом пабудавалі ў 2011 годзе. Пакупнік заплаціў за кватэру 580 тысяч даляраў. Квадратны метр абышоўся ў 2117 даляраў, піша realt.by. Агульная плошча кватэры – 274 квадратныя метры, жылая – 211 метраў. Кватэра знаходзіцца на 12-м паверсе, з яе адкрываецца панарама на горад.
У ліпені самую дарагую кватэру купілі ў Менску за 450 тысяч даляраў. Яна знаходзіцца ў жылым комплексе “Алімпік Парк”.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: logist.today.