Беларуска Сюзана Валадзько стала шостай на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы
У сталіцы Саўдаўскай Аравіі Эр-Рыядзе працягваецца чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы, на якім пад нейтральным сцягам выступаюць беларускія спартоўцы.

У сераду жанчыны вызначалі наймацнейшых у вагавай катэгорыі да 71 кг, дзе беларускую каманду прадстаўляла Сюзана Валадзько. У рыўку наша спартоўка здолела зафіксаваць вагу 107 кг, а ў штуршку беларусцы пакарылася штанга 135 кг. Перад заключным падыходам Валадзько і трэнерскі штаб запыталі вагу ў 138 кг, але гэтая спроба апынулася няўдалай. У выніку Сюзана заняла 6-ю пазіцыю з вынікам у 242 кг. Чэмпіёнкай свету з новым сусветным рэкордам 273 кг стала кітаянка Ляо Гуйфан. Раней Павел Хадасевіч стаў дзявятым у вагавай катэгорыі да 96 кг у мужчын.
Хакеісты „Дынама-Шынніка” перапынілі пераможную серыю ў МХЛ
Хакеісты бабруйскага „Дынама-Шынніка” пацярпелі першую паразу ў рэгулярным чэмпіянаце Маладзёжнай хакейнай лігі. Падначаленыя Андрэя Міхалёва на „Бабруйск-Арэне” другі раз за два дні прымалі хабараўскіх „Амурскіх тыграў”. Стартавая траціна скончылася з роўным лікам 1:1, у „шыннікаў” першую ў сезоне шайбу за каманду правёў Ілля Лахноў. Другі перыяд у гаспадароў лёду не задаўся: юныя дынамаўцы прапусцілі адразу тройчы, здолеўшы адказаць толькі голам Данііла Ліпскага. Выратаванне прыйшло ў заключнай 20-хвілінцы: спачатку Ліпскі ў большасці аформіў дубль, а за 45 секунд да сірэны аб заканчэнні трэці Мацвей Ладуцька зраўняў лічбы – 4:4. Калі напярэдадні сапернікі вызначылі пераможцу ў авертайме, то ў гэты раз усё вырашылася ў серыі пасляматчавых кідкоў. Дакладней буліты выканалі „Амурскія тыгры”, у выніку першая няўдача „Дынама-Шынніка” ў сезоне 4:5.
Тым не менш дзякуючы пяці перамог запар і чарговаму набранаму ачку беларусы працягваюць узначальваць табліцу Срэбранага дывізіёна Заходняй канферэнцыі МХЛ.
„Машэка” разграмеіў „Бусел Кітая”
„Машэка” на выездзе разграміў „Бусел Кітая” ў матчы SEHA-Лігі — 32:25
Першы тайм паядынку прайшоў пры практычна роўнай гульні. Кітайскі калектыў штораз даганяў магіляўчан у ліку, аднак камфортную перавагу ў два мячы перад перапынкам забяспечылі сабе менавіта госці. Другі адрэзак матчу прайшоў шмат у чым пад дыктоўку „Машэкі”: гандбалістам „Бусла” заставалася толькі скарачаць розніцу ў ліку.
Лепшым бамбардзірам у складзе магіляўчан стаў Арцём Рабушка (10 галоў). У наступным матчы „Машэка” на сваёй пляцоўцы прыме „СКА-Менск” 27 верасня.
Сасновіч завяршыла выступленне на тэнісным турніры ў Сан-Дыега
Беларуская тэнісістка 102-гі нумар сусветнага рэйтынгу Аляксандра Сасновіч завяршыла выступы на турніры катэгорыі WTA-500 у амерыканскім Сан-Дыега з прызавым фондам 780 тысяч даляраў. У паядынку другога раўнда адзіночнага разраду беларуска прайграла амерыканцы 61-й ракетцы планеты Эме Навара – 5:7, 4:6.
Серб Агнен Пантавіч пакінуў „Менск” праз паўтара месяца пасля працягу кантракта
Цяжкі форвард скасаваў пагадненне з камандай, паведамляе прэс-служба клуба. Пры гэтым 27-гадовы серб пралангіраваў пагадненне 28 ліпеня. У мінулым сезоне Агнен дэбютаваў за „Менск” у лютым.
Сярэдняя статыстыка форварда ў 9-і гульнях Адзінай Лігі ВТБ склала 4.4 ачка, 2.8 падбора за 15 хвілін на паркеце. У чэмпіянаце Беларусі Пантавіч прыняў удзел у двух матчах плэй-оф, набіраючы ў сярэднім 4.0 ачка, 4.5 падбора, 2.0 перадачы і 1 перахоп за 13.5 хвілін на пляцоўцы.
Беларускае Радыё Рацыя
