Музей Памяці Сібіры распачаў міжнародную канферэнцыю „Памяць пакаленняў”
У межах акцыі „17.09 Мы памятаем” Музей Памяці Сібіры разам з Фондам „Крэсы – Сібір” праводзяць міжнародную канферэнцыю „Памяць пакаленняў”. На з’езд прыбылі нашчадкі сібіракоў з Вялікабрытаніі, ЗША, Новай Зеландыі і Польшчы.
Значэнне канферэнцыі падкрэсліла ўдзельніца з Вялікабрытаніі Ізабэла Фрэдрых:
– Прыехала з Англіі, жыву ў Англіі. Хацела быць на канферэнцыі, планавала прыехаць. Гэта вельмі важная гісторыя. Тым больш, што зараз адбываецца на Украіне, людзі ўспамінаюць зараз.
Цікаўлюся гэтым, бо мая маці мела 14 год, як іх вывезлі. Часта ўспамінала, як там было.
Міжнародная канферэнцыя „Памяць пакаленняў” працягне працу ў Музеі Памяці Сібіры і на выходных. Працоўная мова – ангельская. Сярод тэм, якія будуць абмяркоўвацца: новыя факты пра дэпартацыі ХХ стагоддзя з Польшчы і тэхналагічныя навінкі мемарыяльных практык з сусветнага вопыту.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя