Кампанія #FreeViasna запрашае на імпрэзу салідарнасці ў Вільні



Буйная хваля ціску на вясноўцаў пачалася 17 верасня 2020 года, калі была затрыманая каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова. Роўна праз год, 17 верасня 2021 года, стартавала кампанія салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі #FreeViasna. На той момант за кратамі знаходзілася сямёра нашых калег, у тым ліку вядомы гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які быў асуджаны да трох гадоў калоніі і выйшаў на волю сёлета ў ліпені.

Падчас імпрэзы ў нядзелю, 17 верасня, можна будзе больш дазнацца пра кампанію #FreeViasna, паўдзельнічаць у публічнай размове з Леанідам Судаленкам і адправіць паштоўкі салідарнасці палітзняволеным праваабаронцам, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны за сваю мірную законную дзейнасць.

Запрашаем:
17 верасня (нядзеля), 16:00
Беларускі дом у Вільні: Vilniaus g. 20