У Сейме пройдзе выстава прысвечаная бежанству
Выставу прысвечаную бежанству, якая падрыхтавана фондам імя князя Астрожскага, прадставяць у польскім Сейме.
„Бежанства 1915 – супольная гісторыя” выстава архіўных фотаздымкаў перыяду 1909 – 1923 гг., якія прадстаўляюць уцекачоў з тэрыторыі Падляшша, Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны ў час Першай сусветнай вайны.
Ужо заўтра адкрыццё выставы адбудзецца ў Беластоку, а ў ліпені яна пройдзе ў польскім Сейме, гаворыць дэпутат Яўген Чыквін:
– Выставу нашу пакажам у Сейме 22 ліпеня. Папрашу якога-небудзь віцэ-маршалка, каб адкрыццё было такое, запросім гасцей. У такім найбольш прэстыжным верхнім холе будзе, які стаў папулярным месцам, там ёсць месца, дзе збіраюцца журналісты.
Сёлета спаўняецца 100 гадавіна бежанства, якое закранула па розных ацэнках ад 3 да 5 мільёнаў чалавек, якія на той час былі жыхарамі заходніх ускраінаў Расейскай імперыі. У 1915 годзе толькі з Беласточчыны выехала каля 1 мільёна чалавек.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя