Арт-агляд



Беспрэцэдэнтная падзея стартавала ў Лондане, дзе 14, 15 і 16 верасня ладзяцца прэм’ерныя паказы оперы паводле твору Уладзіміра Караткевіча „Дзікае паляванне караля Стаха”.

Ініцыятар і рухавік падзеі – беларускі тэатральны праект у выгнанні „Свабодны тэатр” на чале з Мікалаем Халезіным і Наталляй Калядой.

„Свабодны тэатр” даўно і паспяхова працуе ў Лондане і гастралюе па ўсім свеце. А беспрэцэдэнтнасць падзеі ў тым, што ўпершыню на міжнародную сцэну выходзіць твор паводле беларускага класіка літаратуры.

Ад сябе дадам, што не проста пісьменніка. Упэўнены, што Уладзімір Караткевіч – адна з важных для Беларусі нацыятворчых асобаў.

***

Музычны альбом „Emihranty” на ўласны Дзень нараджэння 14 верасня прэзентаваў Лявон Вольскі.

Мяркую, гэта значная падзея шмат для каго з тых, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь па палітычных матывах.

Зрэшты, і для большасці нашых суайчыннікаў, хто не гледзячы на рэпрэсіі, застаецца на Радзіме, альбом будзе цікавым. Бо ён дае адчуць перажыванні раптоўных эмігрантаў, рэлакантаў і ўцекачоў.

Структура рэлізу нагадвае «Народны Альбом» паводле храналогіі разгортвання падзеяў.

Вось чалавек толькі апынуўся за мяжой, але ў новыя рэаліі інтэгравацца не хоча, бо ўпэўнены, што неўзабаве зможа вярнуцца дадому.

А вось ужо пад новую рэчаіснасць паўстае новы бізнес. Калі ў „Народным Альбоме” пад свежаўтвораную польска-савецкую мяжу з’явіліся кантрабандысты, то цяпер гэта легальныя перавозчыкі рэчаў у два бакі мяжы. Сэрвіс для тых, хто не можа вярнуцца ў Беларусь.

У альбоме „Emihranty” Лявона Вольскага шмат геаграфіі новых дыяспараў. Шмат кароткіх замалёвак, якія адлюстроўваюць вымушана эмігранцкія рэаліі.

У фінале музычны і сэнсавы матыў дае адсылку да песні „Простыя рэчы”. Такая цёплая атмасфера, троху сумная, але з надзеяй на магчымае лепшае.

Стыль альбому – уласцівае для Лявона Вольскага спалучэнне іроніі і сатыры. Музыка – розныя класічныя стылі ў аранжыроўцы аўтара.

***

Першы Кангрэс Беларускай Культуры ў эміграцыі ладзіцца ў Варшаве 16-17 верасня.

Згодна арганізатараў, (цытую) „падзея накіраваная на вырашэнне праблем, з якімі сутыкаюцца беларускія дзеячы культуры і мастацтва” (канец цытаты).

Думаю, што апроч фінансавых, у актараў беларускай культуры за мяжой ёсць агульная для ўсіх новых дыяспараў праблема сэнсаў існавання ў не планаваных перад тым рэаліях.

Для чаго мы штосьці робім менавіта беларускага? Для сябе ўнутры ці для сябе і ўсяго свету?

Галоўнае на кангрэсах адбываецца ў кулуарах.

Пажадаем поспехаў удзельнікам і чакаем новых якасных культурных прадуктаў.

Гукавы файл:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацы

Фота: Сяргей Падсасонны