Футбалісты „Тарпеда-БелАЗа” і „Славіі” згулялі ўнічыю ў чэмпіянаце Беларусі
Пасля паўзы, звязанай з міжнароднымі матчамі нацыянальнай і моладзевай зборных, аднавіўся футбольны чэмпіянат Беларусі.

У стартавым паядынку 21-га тура футбалісты „Тарпеда-БелАЗа” ў Жодзіне згулялі ўнічыю з мазырскай „Славіяй” – 2:2. Госці двойчы выходзілі наперад, але ўтрымаць перамогу не змаглі. Яшчэ тры сустрэчы адбудуцца сёння: Белшына” пазмагаецца са „Слуцкам”, берасцейскае „Дынама” сустрэнецца з наваполацкім „Нафтанам”, а „Энергетык-БДУ” прыме „Гомель”. У цэнтральным паядынку 21-га тура лідар першынства менскае „Дынама” заўтра прыме на сваёй арэне гарадзенскі „Нёман”, які ідзе другім.
Футбалісткі „Менска” дагналі „Дынама-БДУФК” у жаночым чэмпіянаце Беларусі
Футбалісткі „Менска” дагналі сталічнае „Дынама-БДУФК” у турнірнай табліцы жаночага чэмпіянату Беларусі. У стартавым матчы 27-га тура мянчанкі ўпэўнена перайгралі на сваім полі магілёўскае „Дняпро” з лікам 3:0. У першым тайме лік адкрыла Крысціна Кіянка, а пасля перапынку вызначыліся Лізавета Пінчук і Наталля Машына. У іншым паядынку юніёрская зборная Беларусі (U-19) у гасцях святкавала валявую вікторыю над „Віцебскам” – 5:2. Сёння дзеючыя чэмпіёнкі краіны футбалісткі „Дынама-БДУФК” сустрэнуцца з мінскай „Зоркай-БДУ”, берасцейскае „Дынама” прыме на сваім полі пінскі „ДЮСШ-ПалесДУ”, а футбалісткі „Смаргоні” ў сябе дома будуць супернічаць з „Гомелем”.
Экс-форвард БАТЭ, якому „агент абяцаў залатыя горы ў РПЛ”, знаходзіцца на праглядзе ў клубе з расейскага Д3
Гаворка пра Аляксандра Французава. Нападнік быў заўважаны ў размяшчэнні каманды „Чартанава”. Па паведамленні „Вуха”, ён растаўся з БАТЭ на правах вольнага агента. Раней 19-гадовы нападнік са скандалам быў адпраўлены ў дубль барысаўчан. БАТЭ ў афіцыйнай заяве расказаў, што Французаў адмовіўся падпісваць з барысаўчанамі доўгатэрміновае пагадненне, наслухаўшыся абяцанняў свайго расейскага агента.
Хакеісты аршанскага „Лакаматыва” выйгралі чацвёрты матч запар у экстралізе
Трыма матчамі ў Менску, Віцебску і Магілёве ў пятніцу прадоўжыўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. У цэнтральным паядынку вечара сталічнае „Юнацтва” прымала аршанскі „Лакаматыў”. Пераможца вызначыўся толькі ў серыі булітаў, дакладней у якой апынуліся „чыгуначнікі” – 3:2. Аршанцы набралі ачкі ва ўсіх матчах са старту сезона: у „Лакаматыва” пяць перамог і адна параза ў авертайме. Таксама ў пятніцу аўтсайдэр турніру „Магілёў” сустракаўся з „Брэстам”. За 60 хвілін гульні „львы” з берагоў Дняпра здолелі закінуць толькі аднойчы, берасцейцы ж засмуцілі суперніка адразу чатыры разы. Паралельна ў Віцебску адбылося „паўночнае дэрбі” паміж мясцовым клубам і наваполацкім „Хімікам”, у якім віцябляне правялі дзве галявыя атакі, і пры гэтым не прапусцілі – 2:0.
Арцём Каралёк стаў аўтарам самага прыгожага гола першага тура гандбольнай Лігі чэмпіёнаў
Еўрапейская федэрацыя гандбола вызначыла лепшыя галы першага тура новага сезона мужчынскай Лігі чэмпіёнаў. Аўтарам самага прыгожага гола прызнаны беларускі лінейны польскага „Кельцэ” Арцём Каралёк. На 10-й хвіліне другога тайма паядынку з дацкім „Ольбаргам” беларус закінуў мяч у падзенні, знаходзячыся спінай да брамы. Праўда, у выніку гандбалісты „Кельцэ” ўсё ж пацярпелі паразу з лікам 31:34.
Беларускае Радыё Рацыя
