Шчучынскі паэт адзначае юбілей
16 верасня беларускі паэт і публіцыст Рычард Бялячыц адзначае 70-годдзе. Родам ён з вёскі Стаўбуры Астравецкага раёна. Але з 1987 года жыве ў Шчучыне.
Скончыў Варнянскую сярэднюю школу, літаратурна-музычнае аддзяленне Менскага педагагічнага інстытута імя Максіма Танка.
Працаваў настаўнікам, намеснікам дырэктара Цудзенішскай школы Ашмянскага раёна, затым у сваёй роднай школе. Пэўны час працаваў інспектарам школ аддзела адукацыі Астравецкага раёна, загадчыкам аддзела пісем рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда”, у рэдакцыі шчучынскай райгазеты “Дзянніца”.
Творчы набытак Рычарда Бялячыца важкі і грунтоўны. Вершы спрабаваў пісаць яшчэ ў школьныя гады, а друкавацца, як паэт, пачаў з 1979 года ў розных перыядычных выданнях. Зараз ён з’яўляецца аўтарам кніг “Сакавіцкае крыло” (1988), “Прасветлінка”(1995), “Міг выратавання”(2001), “Вочы малітвы” (2005), “Святлом і ценем”(2009), паэмы “Бераг маўчання”, тапанімічнага аповеду “На радзіме Котры” (2009) і іншых.
Паэт са Шчучыншчыны Рычард Бялячыц імкнецца далучыць чытача да філасофскіх разваг над жыццём, што хвалююць самога аўтара і яго лірычных герояў, якія кахаюць, дбаюць і жывуць. Адметная рыса яго паэзіі — гэта шчырасць і адкрытасць. Кожная кніга Рычарда Бялячыца – гэта размова паэта пра мінулае і сучаснае, пра самае дарагое і блізкае сэрцу, пра часовае і вечнае. Вершы поўныя шчырасці і арыгінальнасці, вызначаюцца глыбінёй думкі, прыгажосцю і непаўторнасцю паэтычных вобразаў. Паэт знаходзіць яркія вобразы, асаблівыя, шчырыя словы, якія ідуць ад сэрца, не пакідаюць чытачоў абыякавымі. Трэба быць сапраўдным паэтам, каб напісаць такія хрэстаматыйныя радкі:
То раздольна песням,
То зацішна.
Голас то душы,
То салаўёў.
Ты сама, Радзіма,
Вершы пішаш,
Толькі ставіш
Прозвішча маё.
Рычард Бялячыц з’яўляецца лаўрэатам Гарадзенскай абласной прэміі імя Аляксандра Дубко і літаратурнай прэміі імя Анатоля Іверса.
Шчыра віншуем спадара Рычарда з юбілеем. Жадаем яму здароўя, новых кніг і творчых сустрэч!
Беларускае Радыё Рацыя