Вайна ва Украіне: Расейцы зноў плануюць абстрэлы ўкраінскіх ТЭЦ



Выведка брытанскага міністэрства абароны лічыць, што Расея рыхтуе запас крылатых ракет дзеля таго, каб узімку ізноў абстрэльваць энергетычныя аб’екты Украіны. Такую тактыку Расея выкарыстоўвала мінулай зімой.

Абстрэлы энергетычнай інфраструктуры перш за ўсё ўплываюць не на ўкраінскае войска, а на мірных жыхароў, бо шмат хто застаецца без ацяплення, электрычнасці і гарачай вады. Аднак, у адрозненні ад мінулай зімы, ва Украіну ўжо было пастаўлена даволі шмат сродкаў супрацьпаветранай абароны. Гэта значыць, што шкоду ад абстрэлаў можна будзе мінімізаваць. Акром таго, Украіна зможа часцей атакаваць дронамі расейскія караблі. Пра гэта паведаміў у інтэрв’ю Reuters міністр лічбавае трансфармацыі Украіны Міхаіл Фёдараў.
Паводле яго слоў, цяпер вядзецца работа над вырабам дронаў, у прыватнасці, тэставанне сістэмы штучнага інтэлекту, якая здольна самастойна выяўляць мэты.

«Будзе больш дронаў, больш нападаў і менш расейскіх караблёў. Гэта дакладна», – сказаў міністр. Часцей атакаваць расейскія караблі атрымаецца за кошт павелічэння колькасці дронаў, вытворчасць якіх за год Украіна нарасціла больш як у 100 разоў. Таксама, паводле слоў Фёдарава, вырасла вытворчасць і марскіх беспілотнікаў.