15 сутак – за фотаздымак бел-чырвона-белага сцяга
Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 8 верасня прыняла пастанову пакараць арыштам на 15 сутак Мікалая Юрцэвіча за тое, што ён правёў у сацыяльнай сетцы „пікетаванне, на якое не атрымаў дазвол ад мясцовага гарадскога выканкама”.
Згодна з пратаколам, работнік міліцыі падчас агляду тэлефона, які належаў Юрчанку, выявіў у сацсетцы «Вконтакте» ягоную выяву ў ваеннай касцы, а ніжэй выяву бел-чырвона-белага сцяга з гербам «Пагоня». Гэтыя здымкі былі размешчаны ўладальнікам у Дзень беларускай вайсковай славы. Таксама міліцыянт выявіў фотаздымак, на якім намаляваны бел-чырвона-белы сцяг, які вісіць на сцяне.
Суд узяў на веру доказы віны Юрчанкі ў правядзенні пікету, прадстаўленыя мясцовым РАУС. І суддзя Балаболава на падставе ч.1 арт.24.23 КаАП пакарала Мікалая арыштам тэрмінам на пятнаццаць сутак.