Cуд адхіліў іск Юрыя Клімовіча супраць Падатковай інспекцыі



Суд Цэнтральнага раёна Гомеля адхіліў іск Юрыя Клімовіча супраць Падатковай інспекцыі

Актывіст намагаўся аспрэчыць штраф памерам у 140 мільёнаў беларускіх рублёў, які яму налічылі за тое, што ён нібыта недаплаціў падаткі ў 2003-2004 гадах.

У той час Юрый Клімовіч узначальваў прадпрыемства „Бел-ОСТ”, якое займалася продажам беларускай тэхнікі на расейскім рынку:

 – Два гады назад мяне выклікалі ў падатковую інспекцыю, што нібыта без майго ведама была праведзеная праверка. І мне налічана ледзь не 270 мільёнаў, не сплочаных нібыта мной падаткаў. Мяне гэтая сума здзівіла. Потым на працягу года гэтая сума перагледжвалася. Сыйшліся на 140 мільёнах, якія складаліся з 16 мільёнаў, нясплочаных нібыта падаткаў і 120 мільёнаў – гэта пеня, налічаная за мінулыя 12 год.

Праваабаронца Алесь Яўсеянка звяртае ўвагу на палітычна матываваны характар пераследу актывіста:

 – Гэта справа з парушэннямі норм заканадаўства, якая ўсплыла літаральна пасля таго, як Клімовіч балатаваўся ў дэпутаты мясцовага савета. У Гомелі выбары былі ў мясцовыя органы ўлады, вось ён балатаваўся. І пасля гэтага пракуратура выставіла прадастаўленне – прэтэнзіі да Клімовіча. І гэтая справа пачала раскручвацца з 2013 года. І да сённяшняга дня ідуць хвалі.

На гэты момант Юрый Клімовіч мае статус беспрацоўнага. На ягоным утрыманні знаходзяцца двое малагадовых дзяцей. Таму выплата буйнога штрафу для яго будзе вялікім цяжарам.

Беларускае Радыё Рацыя