Ігар Тышкевіч: Мінск-3 — адзін з мажлівых сцэнароў заканчэння вайны



Украінскі Інстытут Будучні у межах анлайн-прэзентацыі прадставіў магчымыя сцэнары заканчэння вайны ва Украіне ў 2024-2025 гады. Эксперт праграмы «Міжнародная і ўнутраная палітыка» Ігар Тышкевіч назваў адзін з імаверных сцэнароў, які цікавы для Расеі, але не азначае поўнай бяспекі для Украіны:

— Мінск-3, на жаль, то вельмі вялікая небяспека. Гэта як замарозка, а замарозка — гэта фактычна замірэнне. Небяспека замарозкі ў тым, што яна азначае, што вайна пачнецца зноўку. Мінск-3 — гэта тая ж замарозка, але з нейкімі дамоўленасцямі, з палітычным трэкам рэінтэграцыі або чагось яшчэ. Хуткасць рэалізацыі залежыць ад сталых перамоваў або кансультацыі з Расеяй. Адзінае, могуць з’явіцца гаранты бяспекі. У Расеі адзін з ідэальных варыянтаў, калі не будзе паразы Украіны, — замарозка „Мінск-3“. Усе іншыя варыянты для Расеі небяспечныя. Для Украіны гэта тэарэтычна залежыць ад таго, што будзе прапісана ў пагадненнях. Але пры пэўных умовах нават Злучаныя Штаты Амерыкі могуць пайсці на такі варыянт.

Выканаўчы дырэктар Украінскага Інстытута Будучыні Вадзім Дзенісенка агучыў актуальныя вынікі даследвання стаўлення расейцаў да вайны ва Украіне:

— 36% уважае, што мэты дасягнутыя, 51% уважае, што мэты не дасягнутыя. Ці падтрымліваеце вырак пра завяршэнне СВА? 65% падтрымліваюць, 30% не падтрымлівае. Калі гаварыць пра завяршэнне СВА, і давядзецца вывесці войскі з тэрыторыі Херсонскай, Запарожскай вобласцяў — 40% падтрымлівае. Калі акрамя Херсонскай, Запарожскай вобласцяў трэба вывесці войскі з так званых ДНР і ЛНР — толькі 30% падтрымкі, а калі дадаць Крым, толькі 22%. Расейцы на сёння ўсё больш і больш пачынаюць уважаць Запарожскую і Херсонскую вобласці сваёй тэрыторыяй.

Паводле экспертаў, найбольш пажаданым для Украіны сцэнаром ёсць варыянт тактычнай паразы Расеі ў вайне ці ейнае драбленне да межаў у стане на 1991 год.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя