Машыны на расейскіх нумарах больш не ўедуць у Польшчу



Пачынаючы з 17 верасня 2023 года забараняецца набыццё, увоз або перадача ў Еўрапейскі звяз прама ці ўскосна аўтамабіляў і іншых механічных транспартных сродкаў, прызначаных пераважна для перавозкі 10 чалавек, у тым ліку легкавых і грузавых аўтамабіляў (з кузавам універсал) і гоначных, калі яны паходзяць з Расеі, або экспартуюцца з Расеі. Пра тое, што аўтамабіль родам з Расеі, сведчыць тое, што ён зарэгістраваны ў гэтай краіне.

Вышэйзгаданая забарона вынікае з Рэгламенту Рады Еўразвязу пра абмежавальныя меры ў сувязі з дзеяннямі Расеі, якія дэстабілізуюць сітуацыю ва Украіне. – Зарэгістраваныя ў Расеі транспартныя сродкі з расейскімі рэгістрацыйнымі нумарамі, якія з’явяцца на польскіх памежных пераходах з нядзелі, будуць вяртацца ў краіну па-за ЕЗ, з якой яны прыбылі, незалежна ад таго, Расея гэта ці іншая краіна. Такія дзеянні будуць праводзіцца нават у тым выпадку, калі кіроўца аўтамабіля не з’яўляецца грамадзянінам РФ – паведамляе Памежная служба Польшчы.

Раней падобнае рашэнне прынялі іншыя дзяржавы, якія мяжуюць з РФ.

Беларусь закупіць у Расеі ў два разы менш збожжа, чым планавалася

У Расеі будзе закуплена не больш за 500 тысяч тон збожжа, паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Леанід Заяц на тэлеканале “Беларусь 1”.

26 жніўня міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ заявіў у эфіры АНТ, што па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі плануецца набыць 1 млн тон збожжа для стварэння “падушкі бяспекі”. У адпаведнасці з пастановай Савета міністраў, сказаў Заяц, пшаніца будзе закупляцца ў Расеі па 12.500 расейскіх рублёў за адну тону збожжа без ПДВ. Гэта значыць па 418 рублёў за адну тону плюс 9 рублёў за камісійныя зборы. “Гэта практычна цана нашага ўнутранага рынку, то бок мы купляем па сабекошце”, — заявіў тады чыноўнік, які прызнаў недабор збожжа ў гэтым годзе.

Інфляцыя запаволілася, дзякуючы зніжэнню цэн на нехарчовыя тавары

Зніжэнне цэн на нехарчовыя тавары стала асноўным драйверам запаволення інфляцыі ў жніўні. Цэны на нехарчовыя тавары знізіліся ў жніўні на 2,6 працэнта ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, прычым гэта адбывалася ў гадавым выражэнні трэці месяц запар. Адзначаецца, што рост цэн на харчовыя тавары таксама запаволіўся (3,4% у жніўні ў параўнанні з 3,9% у ліпені). Інфляцыя ў жніўні склала 2,3 працэнта ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.

10 сакавіка Аляксандр Лукашэнка загадаў ураду любымі спосабамі – “манетарнымі, рэгулятарнымі, адміністрацыйнымі” – трымаць калідор інфляцыі па выніках года ў раёне 7%, прыгадвае @pozirkonline.

У ЕЗ асцерагаюцца залежнасці ад кітайскіх батарэек

У Еўразвязе баяцца залежнасці ад кітайскіх акумулятараў. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на дакумент, падрыхтаваны іспанскім старшынствам для лідараў краін саюза. Па інфармацыі агенцтва, дакумент будзе абмяркоўвацца на сустрэчы 5 кастрычніка.

У дакуменце гаворыцца, што рэалізацыя планаў ЕЗ па зялёным пераходзе ў бліжэйшыя гады павялічыць патрэбнасць у літый-іонных батарэях, паліўных элементах у 10-30 разоў. Па ацэнцы аўтараў дакумента, без прыняцця рашучых мер да 2030 года залежнасць еўрапейскай энергасістэмы ад кітайскіх паставак назапашвальнікаў энергіі можа параўнацца з залежнасцю ад расійскіх энергарэсурсаў перад пачаткам вайны ва Украіне.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.