Блогам у прэзідэнцкае крэсла



Старшыня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі-Лідзія Ярмошына параіла кандыдатам у прэзідэнты набываць вядомасць з дапамогай сацыяльных сетак. Па яе словах, гэткім чынам без удзелу дзяржавы і цалкам бясплатна кожны палітык мае магчымасць давесці свае погляды ды імя да ведама шырокага кола грамадзянаў

З такой парадай Ярмошына выступіла у праграме “Буйным планам” на тэлеканале

“Беларусь-1”. Сацыяльныя сеткі яна згадала, кажучы пра нізкую палітычную актыўнасьць кандыдатаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

“Калі ты збіраешся пайсці на выбары, то ствары за пяць год да выбараў блог у інтэрнэце, заводзь сабе фрэндаў, вядзі шырокую перапіску, абмяркоўвай усё – ад тэатральнай пастаноўкі да Чэмпіянату Свету па хакеі. Будзь ўсюды, – рэкамендуе Ярмошына. – І гэтакім чынам ты паступова станеш вядомым, дарэчы, абсалютна бясплатна практычна. І на дзяржаву няма чаго наракаць».

Сапраўды, без парады з боку Ярмошынай, сацыяльнымі сеткамі карыстаюцца палітыкі, якія заявілі аб сваім намеры балатавацца у прэзідэнты. Гэта лідар АГП-Анатоль Лябедзька, вылучаная «Народным рэфэрэндумам» і кампаніяй «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч, лідар партыі «Справядлівы свет»-Сяргей Калякін, а таксама прадстаўніца Таварыства Беларускай Мовы- Алена Анісім. Таксама у Фэйсбуку прысутны палітвязень Мікола Статкевіч, якога таксама хочуць вылучыць кандыдатам у прэзідэнты яго паплечнікі, у прыватнасці, хрысьціянскія дэмакраты.

Затое ў сацыяльных сетках адсутнічае падтрыманы «Зялёнамі» Юры Шульга ды лідар Лібэральна-дэмакратычнай Партыі-Сяргей Гайдукевіч. У розных сацсетках і на розных сайтах можна знайсьці выказванні такіх палітыкаў як: Алесь Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў, Уладзімір Некляеў, Яраслаў Раманчук і Аляксандар Мілінкевіч. Зате не лічыць патрэбным губляць час і зніжацца да узроўню сацсетак найбольш вядомы і без гэтага – сам кіраўнік дзяржавы-наймацнейшы кандыдат Аляксандар Лукашэнка. Як дзейснага кіраўніка дзяржавы яго дастаткова рэкламуюць усе дзяржаўныя мэдыі.

Раячы палітыкам і кандыдатам у прэзідэнты весці свае блогі Лідзія Ярмошына павінна была згадаць новы «Закон аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон РБ аб сродках масавай інфармацыі». Паводле яго, адказнасць за змест публікацыяў нясе уладальнік рэсурсу. Пасля двух папярэджанняў сайт можа быць заблакаваны. Міністр інфармацыі, Лілія Ананіч, таксама не супраць актыўнасці ў інтэрнэце: «Вядзіце сабе блог, але ён павінен укладвацца ў прынцыпы вызанчаныя законам аб СМІ». Па яе словах, у каментарах не можа быць змешчаная інфармацыя, распаўсюд якой альбо забаронены законам, альбо наносіць шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, альбо мае непраўдзівую, абразлівую форму».

Новы старшыня БАЖ-у Андрэй Бастунец тлумачыць унясенне правак у Закон набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў. Атрымліваецца, што контркандыдаты ў прэзідэнты не надта разгуляюцца ў сваіх блогах. Адпаведныя органы заблякуюць сайт, на якім піша нейкі палітык. Больш таго, адпаведныя органы не будуць шукаць аўтара тэксту, калі ён ананімны, а проста ўдараць па ўладальніку сайту. Баючыся непрыемнасцяў той адразу адмовіцца публікаваць небяспечныя для яго тэксты.

Заява Лідзіі Ярмошынай- гэта здзек з контркандыдатаў Лукашэнкі на выбарах. Палітык не набывае вядомасці, пішучы свае блогі, нават калі б іх пісаў чалавек з талентам Быкава ці Караткевіча. Гэта адбываецца ў выніку свабоднай, палітычнай дзейнасці, калі парламенцкія выбары адбываюцца паводле партыйнай сістэмы, а лідар пераможнай партыі становіцца прэм’ерам. Па-другое, сама выбарчая сістэма не дае аніякай магчымасці раўнапраўнага спаборніцтва кандыдатаў. Датэрміновае галасаванне і таемны падлік галасоў гарантуюць пажыццёвае кіраванне Лукашэнкі. Дык хай Лідзія Ярмошына не трэпле языком бязглуздзіцы і рыхтуецца да чарговай «бліскучай перамогі».

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ