Навошта патрэбны «культур-мультур» пад час вайны



Не так даўно адзін дзеяч грэбліва выказаўся, маўляў, што вы са сваім культур-мультур у эміграцыі – вайсковая падрыхтоўка мусіць быць нумар адзін.

Я прыгадваю гісторыю пра Уінстана Чэрчыля, якую падаюць як рэальную. А нават калі і байка, то яе варта прыгадаць. Першая палова Другой Сусветнай вайны, калі пройгрыш нацыстаў не відавочны. Прэм’ер-міністру Вялікай Брытаніі Уінстану Чэрчэлю прыносяць на візу праект бюджэту дзяржавы на наступны год.

Чэрчыль уважліва праглядае старонкі падрыхтаванага дакументу, і здзіўлена пытаецца ў свайго памочніка: «А дзе выдаткі на культуру?!» «Спадар прэм’ер-міністр, дык вайна ж, усё для перамогі, якая культура?!» «Навошта перамагаць, калі не будзе культуры», – парыруе Чэрчыль.

Першы Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі, які адбыўся ў Варшаве 16-17 верасня, ён не пра культур-мультур, ён пра захаванне коду беларушчыны.

Захаванне – важна, але мала. Развіццё – прынцыповае азначэнне.

У ХІХ ст за мяжой друкаваліся кнігі для паняволеных Расейскай імперыяй народаў: літоўскія, польскія, украінскія і – першыя беларускія.

Тое самае адбывалася ў ХХ ст, толькі ў больш неспрыяльных умовах для камунікацыі, калі кнігі праз мяжу ўжо не было як перапраўляць. Затое было радыё.

Цяпер ёсць інтэрнэт. Пытанне ў іншым – на колькі далёка разыдуцца беларусы тут і там. У краіне і ў замежжы.

Паглядзеў першыя рэакцыі з Беларусі на новы іранічна-сатырычны альбом Лявона Вольскага «Emihranty». Так, мала зразумелы ў Беларусі, бо толькі той, хто перажыў усялякія псіхаэмацыйныя станы вымушанай эміграцыі, зразумее што пра што ў альбоме.

Так, ужо паўстае ўласна эмігранцкая тэматыка ў мастацтве. Тут можна дадаць як прыклад альбом Сяргея Башлыкевіча «Там». Для ўнутры дыяспарнага спажывання. Але.

Але адначасова беларусы робяць своеасаблівую культурную экспансію. Свежы прыклад – феерычная прэм’ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» у Лондане. 

А калі шырэй, то важна падкрэсліць, што якасць эміграцыі адрозная ад прыкладаў з гісторыі і сучаснасці – за мяжу выехаў найперш крэатыўны клас.

Шмат якія творы мастацтва ствараліся па-за межамі самых розных краін. А пасля рабіліся здабыткам усёй нацыі. Напрыклад, Васіль Быкаў пісаў творы апошняй часткі свайго жыцця ў розных еўрапейскіх краінах. Альбо Святлана Алексіевіч.

Творчая рэзідэнцыя – паняцце вядомае кожнаму літаратару.

Што ж, будзем лічыць, што цяпер не дзясяткі, а некалькі тысяч творцаў апынуліся ў творчай рэзідэнцыі за мяжой.

Каб культурныя коды нацыі моцна здэфармаваліся, мала некалькі гадоў плявузгаць з тэлевізараў і падчышчаць школьную праграму ад беларускасці на карысць расейскасці.

Выхаванне адбываецца найперш у сем’ях.

А пасля 2020 году я спакойны за беларускія сем’і. За іх культурны ў шырокім значэнні слова выбар.

Што да вайсковай падрыхтоўкі, згаданай на пачатку, такія рэчы робяцца ціха, без афішавання.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя