Лукашэнка не паедзе на сесію Генеральнай асамблеі ААН у ЗША
Лукашэнка не паедзе на сесію Генеральнай асамблеі ААН у ЗША.
Міністэрства замежных спраў выдала паведамленне пра ўдзел у ёй дэлегацыі ад Беларусі. Дэлегацыю ўзначаліць міністр замежных спраў Сяргей Алейнік.
78-я сесія Генеральнай Асамблеі ААН пройдзе з 19 па 24 верасня. Звычайна на яе запрашаюцца кіраўнікі ўсіх дзяржаў, але Лукашэнка ў цяперашняй сітуацыі ездзіць на Захад не рызыкуе, як і Уладзімір Пуцін. Расею на форуме будзе таксама прадстаўляць міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў.
Дэлегацыя ад Лукашэнкі, як анансуецца, збіраецца сваю ўвагу „засяродзіць на задачах па прасоўванні кансалідуючага і стваральнага парадку дня, які падкрэслівае мірны характар нашых нацыянальных прыярытэтаў, супрацьдзеянні ініцыятывам, накіраваным на падрыў нацыянальных інтарэсаў нашай краіны”.
Таксама ў ААН Алейнік будзе гаварыць пра „аднабаковыя прымусовыя меры, у прыватнасці, іх негатыўны ўплыў на ўстойлівае развіццё асобных краін, цэлых рэгіёнаў, сусветную эканоміку і гандаль, іх супярэчнасць міжнароднаму праву”.
Выступленне Алейніка з трыбуны ААН чакаецца 23 верасня.
Варта адзначыць, што з візітам у Нью-Ёрку па 23 верасня знаходзіцца Святлана Ціханоўская.