Алег Мазоль: Галоўнае ў санкцыях ЕЗ – не даць рэжыму Лукашэнкі да іх падрыхтавацца
Незалежны аналітычны цэнтр BEROC прадставіў новае даследаванне, дзе ацаніў механізмы прыняцця і ўплыў санкцый ЕЗ на знешні гандаль падсанкцыйнымі таварамі ў Беларусі. Самае важнае ў даследаванні – безумоўна рэкамендацыі па ўдасканаленні рэалізацыі санкцыйнай палітыкі Еўразвяза ў дачыненні рэжыму Беларусі.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з суаўтарам даследавання, эканамістам і навуковым супрацоўнікам BEROC Алегам Мазалём пра тое, ці вычарпаны ўсе віды санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і як рэжым навучыўся іх абыходзіць; якія трэція краіны садзейнічаюць рэжыму Лукашэнкі ў абыходзе санкцый; і якія асноўныя рэкамендацыі, каб санкцыі ЕЗ былі найбольш эфектыўнымі:
РР: Выйшла ваша даследванне і там ёсць адказ на пытанне, чаму не працуюць санкцыі.
– У дачыненні да рэжыму Лукашэнкі ўводзіліся, толькі мэтавыя санкцыі. Увесь спектр, ад персанальных, фінансавых санкцый, да санкцый у дачыненні да абароны сектару. Калі мы гаворым пра спецыфіку рэжыму Лукашэнкі, то для яго найбольш эфектыўныя санкцыі ў дачыненні да плыні кантрабанды цыгарэт і нафтапрадуктаў. Акрамя таго рэжым Лукашэнкі знаходзіцца ў залежнасці ад двух іншых аўтарытарных рэжымаў, расейскага і кітайскага. У гэтым плане істотным для рэжыму з’яўляецца закрыццё часткі памежных пераходаў для руху грузаў і зніжэнне прапускной здольнасці, транзіту кітайскіх грузаў у Еўропу, а таксама расейскіх грузаў Калінінграду. Перанакіраванне грузаў на памежныя пераходы Еўразвязу, дзе дзейнічаюць рэнтгенаўскія ўстаноўкі для нагляду грузаў, будзе вельмі дзейснай мерай з пункту гледжання зніжэння даходаў рэжыму ад паставак кантрабанды ў Еўропу, у першую чаргу цыгарэт. Адносна канкрэтных сектараў, мне падаецца патэнцыял санкцыйнага ціску менавіта ў частцы сектаральных санкцый практычна вычарпаны. Паколькі на пачатку ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны, не было ўведзена эмбарга, або маштабныя санкцыі на роўні ААН, то каб спыніць расейскую эканоміку санкцыйную палітыку краін захаду, неабходна пераключыць на доўгатэрміновыя рэйкі праз увядзенне кропкавых санкцый, якія ў стане спыніць цэлы кластар, які працуе на расейскі ВПК і адначасова зніжае негатыўныя ўплывы новых санкцыйных захадаў на краіны ініцыятары.
РР: Якія краіны найбольш уплываюць на тое, каб Беларусь магла абысці санкцыі?
– Паколькі дапамога ў абыходзе санкцый можа быць высокапрыбытковай для трэціх краін і іх кампаній, то высокай з’яўляецца верагоднасць выкарыстання гэтых юрысдыкцый для абыходу санкцый. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца краіны, з якімі раней існавалі камерцыйныя адносіны і выкарыстанне якіх неабмежавана геаграфічнымі ці юрыдычнымі бар’ерамі. Трэція краіны дапамагаюць у абыходзе санкцый, нават калі падтрымка санкцый не забяспечвае ім палітычнай перавагі. Трэція краіны для Беларусі – гэта Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кіпр, Турцыя. Таксама з высокай доляй верагоднасці гэта Кітай, краіны Сярэдняй Азіі, у першую чаргу Казахстан. Таксама краіны Закаўказзя, гэта Грузія, Арменія. Калі звярнуць увагу на сітуацыю ў краінах, якія мяжуюць з Расеяй, то там назіраецца істотны эканамічны рост. Будуюцца новыя лагістычныя тэрміналы для абслугоўвання санкцыйных плыняў. Гэтыя краіны – асноўныя бенефіцыяры ўвядзення санкцый супраць Расеі і рэжыму Лукашэнкі. Увагі заслугоўвае яшчэ адна тэндэнцыя, перанос падсанкцыйных вытворчасцяў з Расеі ў Кітай і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Гэта значыць, што расейскі рэжым рыхтуецца да працяглага супрацьсанкцыйнага супрацьстаяння з Захадам. Мяркую гэты фактар неабходна ўлічваць заходнім краінам пры ўдасканаленні сваёй санкцыйнай палітыкі.
З „Госцем Рацыі” – з суаўтарам даследвання „Уплыў санкцыйнай палітыкі ЕЗ на знешні гандаль падсанкцыйнымі таварамі Беларусі”, эканамістам і навуковым супрацоўнікам BEROC, Алегам Мазалём, размаўляла Вольга Сямашка.
Тэкст даследвання даступны тут.
Беларускае Радыё Рацыя