19 верасня – памятны дзень у найноўшай гісторыі Беларусі
19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў законы „Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь” ды „Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь”, а таксама аб назве краіны.
Ад імя Палка Каліноўскага, які змагаецца пад гэтымі сімваламі за Украіну, усіх беларусаў віншуе са святам герба і сцяга беларускі добраахвотнік Клачко Аляксандр з пазыўным „Кусь”:
– Гэта нашы нацыянальныя сімвалы, якія сімвалізуюць нашую багатую гісторыю, наша адрозненне ад нашых суседзяў. Калі не будзе гэтых сімвалаў, то не будзе і Беларусі, як асобнай краіны. Не дзіўна, што рэжым Лукашэнкі, як агню баіцца бел-чырвона-белага сцягу. Рэжым Лукашэнкі робіць усё, каб мяжа паміж Беларуссю і Расеяй была максімальна сцёрта, максімальна размыта. Нашы нацыянальныя сімвалы ды іншыя беларускія каштоўнасці, гэта тая перашкода, якая замінае яму, якая адрознівае нас, робіць нас беларусамі.
Найважнейшае значэнне дзяржаўных герба „Пагоня” і бел-чырвона-белага сцяга ад імя Рады БНР адзначыў сакратар Рады Алесь Чайчыц:
– Гэта сімвалы барацьбы беларусаў за свабоду, за дэмакратыю, за незалежнасць. Гэта сімвалы выпакутаваныя, за якія людзі паміралі, якія ўвасабляюць барацьбу беларусаў за свабоду, якая цягнецца шмат дзесяцігоддзяў і стагоддзяў. Для Рады БНР бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня з’яўляюцца сімваламі з 1917 года. Сённяшняя дата тычыцца Рэспублікі Беларусь, адроджанай пасля БССР, пасля распаду Савецкага Саюзу. Рада БНР у іншай парадыгме, для Рады БНР гэты сцяг дзяржаўны ўжо больш за сто гадоў.
Параламентам была прынятая пастанова аб змене назвы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на Рэспубліку Беларусь. Дзяржаўным гербам зацверджана “Пагоня”, Дзяржаўным сцягам – бела-чырвона-белы сцяг. Менавіта пад гэтай сімволікай прымаў прысягу першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўнасць герба і сцяга былі скасаваныя ў красавіку 1995 года на незаконным рэферэндуме, ініцыяваным Лукашэнкам. З таго часу ішоў і працягваецца мэтны пераслед за карыстанне нацыянальнай сімволікай. Але патрыятычныя беларускія сілы ўпэўнены ў вяртанні „Пагоні” і бела-чырвона-белага сцяга як дзяржаўнай сімволікі.
Жыве Беларусь!
Беларускае Радыё Рацыя