Беларусы разграмілі малдаван у першым матчы суперфіналу Еўралігі па пляжным футболе



Зборная Беларусі па пляжным футболе пераможна стартавала ў суперфінале Еўралігі ў італьянскім Альгера. У першым паядынку папярэдняй групы А падначаленыя Нікаласа Альварада разграмілі каманду Малдовы з лікам 9:1. Заўтра, 20 жніўня, беларусы сустрэнуцца з грэкамі, а 21 верасня завершаць першы этап гульнёй з Італіяй.

Аляксандр Юрэвіч і яго трэнерскі штаб пакінулі „Дынама-Брэст”

Футбольны клуб „Дынама-Брэст” спыніў супрацоўніцтва з Аляксандрам Юрэвічам і яго трэнерскім штабам у асобе Сяргея Нікіфарэнкі, Вадзіма Ласоўскага і Аляксандра Валадзько. Кантракты чатырох спецыялістаў скасаваны па пагадненні бакоў. Юрэвіч узначаліў „Дынама-Брэст” у канцы красавіка на фоне няўдалага старту сезона. Пасля пад яго кіраўніцтвам каманда правяла 18 матчаў ва ўсіх турнірах, з якіх выйграла сем сустрэч, дзевяць разоў прайграла і два разы згуляла ўнічыю. Пры гэтым берасцейцы вылецелі з Кубка Беларусі, дзе на этапе 1/8 фіналу саступілі „Шахцёру”. Ролю часовага выканаўцы абавязкаў трэнера „Дынама-Брэст” зойме Андрэй Чалмадзееў. Раней ён працаваў галоўным трэнерам дублюючага складу, адзначае прэс-служба клуба. Пад кіраўніцтвам Чалмадзеева каманда будзе рыхтавацца да наступнага матчу, які адбудзецца ў бліжэйшую суботу, 23 верасня, калі „сіне-белыя” адправяцца на выезд у Гародню.

Ілля Шкурын у Польшчы пакуль дэманструе топ-эфектыўнасць

Пасля не самых удалых адрэзкаў у ЦСКА, кіеўскім «Дынама» і польскім «Ракуве» беларускі форвард Ілля Шкурын здолеў перазапусціць карʼеру ў Ізраілі, дзе 14 галамі дапамог «Макабі» з Пэтах-Тыквы выйграць Д2 і вярнуцца ў элітны дывізіён. Праўда, з клубам Шкурын на павышэнне не пайшоў, а вярнуўся ў Польшчу, на гэты раз стаўшы гульцом «Сталі» з Мелеца – серадняка чэмпіянату, піша канал «ЧеснОК». На старце сезона 24-гадовы беларус выглядае нядрэнна. У панядзелак у хатнім матчы супраць «Заглембе» зноў выйшаў у старце (толькі раз за восем тураў ён уступаў у гульню з лаўкі запасных) і стаў адным з герояў сустрэчы. На 21-й хвіліне, атрымаўшы пас з глыбіні поля ад Мацея Даманьскага, адклеіўся ад абаронцы і з левай нагі дакладна прабіў у далёкі кут брамы. Шкурын на старце сезону ўжо тройчы забіў і вызначыўся двума галявымі перадачамі – ён найлепшы бамбардзір каманды, больш за тое, больш за яго ў лізе за першую чвэрць сезону забілі толькі чацвёра.

Аляксандр Сяднёў не стаў лепшым трэнерам чэмпіянату Казахстана па выніках жніўня

Хаця яго „Ардабасы” упэўненым курсам рухаецца да залатых медалёў. Каманда з Шымкента на пяць ачкоў апярэджвае „Актобэ”, а да таго ж у яе адна гульня ў запасе адносна найбліжэйшага пераследніка. У апытанні сярод калегаў беларускі рулявы „Ардабасы” Аляксандр Сяднёў займеў тры балы, а вось настаўнік „Мактаарала”, дзе выступаюць Руслан Юдзянкоў і Антон Шрамчанка, Кайрат Нурдуалетаў — чатыры. Тым часам беларускі форвард „Ардабасы” Усевалад Садоўскі больш не згуляе ў цяперашнім сезоне. У форварда, замененага на 39-й хвіліне матчу 22-га тура супраць „Актобэ”, дыягнаставаны пералом ключыцы. У гэтым сезоне ён згуляў 27 матчаў і забіў 8 галоў.

Ягор Сідараў і Даніла Клімовіч адзначыліся галамі на турніры праспектаў НХЛ

Адбыліся чарговыя матчы з удзелам пачаткоўцаў клубаў НХЛ. „Анахайм” адолеў „Лос-Андэжэлес” 4:2. У пераможцаў двума баламі вызначыўся беларускі нападнік Ягор Сідараў. Форвард закінуў сам, а таксама асіставаў партнёру. „Ванкувер” абыграў „Эдмантан” 5:2. У пераможцаў беларускі форвард Даніла Клімовіч закінуў адну шайбу. Форвард згуляў у трэцім звяне, зазначае афіцыйны сайт ФХБ. У брамцы „Ванкувера” 40 хвілін згуляў беларускі галкіпер Мікіта Талапіла і прапусціў дзве шайбы. „Тампа” саступіла „Фларыдзе” 2:3. У першым звяне „Тампы” згуляў Ілля Усаў. Беларус не змог адзначыцца выніковымі баламі. „Вініпег” прайграў „Калгары” 2:4. У складзе «Вініпега» беларускі абаронца Дзмітрый Кузьмін гуляў у другой пары абароны. „Атава” саступіла „Манрэалю” 1:2. Беларускі форвард Данііл Боўраш гуляў на правым флангу другога звяна „сенатарз” і ачкоў не набраў.

Герасімаў прайграў у кваліфікацыі турніру ў Кітаі

Беларускі тэнісіст 664-ы нумар сусветнага рэйтынгу Ягор Герасімаў не змог прабіцца ў асноўную сетку турніру катэгорыі АТР-250 у кітайскім Чэнду з прызавым фондам 1,5 мільёна даляраў. У першым раундзе кваліфікацыі беларус саступіў расейцаў Яўгену Данскому – 6:7 (3:7), 6:4, 6:7 (4:7).

У Беларускай тэніснай федэрацыі ўсё ідзе па плане

Беларусь апусцілася на 132-е месца ў абноўленым рэйтынгу Кубка Дэвіса. Цяпер яе суседзямі з’яўляюцца каманды Конга і Ліхтэнштэйна, паведамляе «Трыбуна».

Беларускае Радыё Рацыя