Агляд прэсы: Убачыць іншага
Як самалёты ЗША і Вялікабрытаніі шпіёняць за Расеяй ва Украіне і Беларусі. Пытанне ўкраінскага збожжа. 8-я сесія Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Пасля перапыненай чэрвеньскай спробы дзяржаўнага перавароту ў Расеі забітым цяпер лідэрам Групы Вагнера Яўгенам Прыгожыным Злучаныя Штаты і Вялікабрытанія ўзмацняюць паветранае назіранне за сіламі Расеі, Беларусі і Групы Вагнера ва Украіне», – піша амерыканская газета The Washington Examiner.
«Іх дзейнасць неабходная, таму што ў іншых краін-членаў НАТА альбо адсутнічаюць магчымасці, альбо, як у выпадку з Францыяй і Германіяй, жаданне падтрымаць гэтую выведку. Намаганні амерыканскіх вайскоўцаў, датычныя Украіны, сканцэнтраваны на штодзённых палётах над Румыніяй і заходняй і паўднёвай часткамі Чорнага мора. У Еўропе гэта асабліва каштоўна ў двух адносінах. Па-першае, у назіранні за дзейнасцю беларускіх вайскоўцаў і групы Вагнера ў Беларусі. Па-другое, у пошуках магчымага перамяшчэння расейскай ядзернай зброі ў Беларусь і Калінінград. У той час як «Вагнер» ліквідуе большасць лагераў, створаных ім у Беларусі пасля чэрвеньскага перавароту, НАТА асцерагаецца, што групоўка можа быць выкарыстана Масквой для правядзення напаўадмоўнай правакацыі праз польскую мяжу», – сочыць за сітуацыяй амерыканскае выданне.
Украіна падала скаргу ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА) на Польшчу, Венгрыю і Славакію. Гэтыя краіны ў мінулую пятніцу заявілі, што пакінуць у сіле абмежаванні на імпарт украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі. Такі расклад Украіна лічыць супярэчным літары закону. Раней Брусель аб’явіў аб рашэнні не працягваць тэрмін дзеяння абмежаванняў, уведзеных у траўні і закліканых дапамагчы асобным дзяржавам ЕЗ абараніць сваіх вытворцаў ад канкурэнцыі з боку танных харчовых тавараў з Украіны. «ЗША не з рукі, каб адзіная пазіцыя ЕЗ аслаблялася ў выніку падобных спрэчак», – піша міланская газета Corriere della Sera.
«Па пытанні ўкраінскага збожжа існуе канфлікт унутры Еўракамісіі, якая ў пятніцу распарадзілася зняць абмежаванні на экспарт украінскага збожжа ў Балгарыю, Польшчу, Славакію, Венгрыю і Румынію. Аднак тры дзяржавы з гэтага спісу (Польшча, Венгрыя і Славакія) адмовіліся зняць абмежаванні, што заахвоціла Кіеў аб’явіць аб тым, што ён будзе скардзіцца ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Але амерыканцы не жадаюць расколу еўрапейскага фронту», – адзначае італьянскае выданне.
У Нью-Ёрку адкрылася чарговая сесія Генеральнай Асамблеі ААН. У ёй прымаюць удзел кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў больш як 140 краін свету. Сярод іншых з прамовамі выступяць прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і канцлер Германіі Олаф Шольц. Лісабонская газета Diário de Notícias нагадвае пра ідэю пашырэння Рады Бяспекі.
«У ідэі рэформы ААН і найперш Рады Бяспекі, у склад якой уваходзяць пяць сталых чальцоў і дзесяць часовых, якія абіраюцца на два гады, маецца шмат прыхільнікаў, аднак мала шанцаў, асабліва ва ўмовах цяперашняга супрацьстаяння паміж Захадам і Расеяй (а заадно і Кітаем). Аднак калі гаворка заходзіць аб кандыдатах на сяброўства, то заўсёды ўзнікае свайго роду дуэт фаварытаў, а менавіта – Бразілія і Індыя. Бразілія, якая адправіла ў свой час войска для барацьбы супраць гітлераўцаў, марыла аб тым, каб стаць адным з пастаянных членаў Савета Бяспекі, але замест гэтага яе суцешылі толькі тым, што на кожным штогадовым пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН менавіта яна будзе выступаць з першай прамовай», – канстатуе партугальскае выданне.
За месяц да парламенцкіх выбараў у Польшчы быў звольнены намеснік міністра замежных спраў, які, як мяркуецца, спрыяў выдачы шматразовых шэнгенскіх віз асобам, якія не маюць на гэта права. Гэтую паслугу гэтыя асобы аплачвалі ў грашовым эквіваленце. СМІ гавораць аб некалькіх сотнях, і нават аб некалькіх сотнях тысяч падобных выпадкаў.
«У той час як у краіне нагняталіся страхі наконт злачынстваў і гвалту з боку замежнікаў, урад спакойна, як легальна, так і нелегальна, упусціў у Польшчу сотні тысяч імігрантаў. Давайце паглядзім праўдзе ў вочы: мы сталі іміграцыйным Эльдарада сярод заходніх краін, і гандаль польскімі дазволамі на працу і візамі квітнее. Польшча лідзіруе ў ЕЗ па выдачы першасных відаў на жыхарства іншаземцам: у 2022 годзе такіх было выдадзена больш за 700 тысяч, з іх каля 150 тысяч атрымалі імігранты не з Украіны ці Беларусі», – піша польскі штотыднёвік Newsweek Polska.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя