У Карабаху паведамляюць пра 32 загінулых і больш за 200 параненых



20 верасня ў Карабаху паведамляюць пра 32 загінулых і больш за 200 параненых.

Азербайджан з 19 верасня праводзіць „антытэрарыстычную аперацыю” супраць непрызнанай рэспублікі. Яе ўзброеныя падраздзяленні вядуць баі. Большасць загінулых і параненых — гэта ўдзельнікі абароны Карабаха.

Азербайджан мае значную перавагу ў артылерыі, атакуе пазіцыі абаронцаў беспілотнікамі. Улады Азербайджана гатовыя весці перамовы з уладамі непрызнанай рэспублікі толькі ў выпадку раззбраення яе арміі (пасля капітуляцыі) і роспуску органаў улады. Напярэдадні ў Ерэване прайшла вулічная акцыя з патрабаваннем аказаць дапамогу Карабаху і з патрабаваннем адстаўкі прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна. Адбыліся сутыкненні пратэстоўцаў з паліцыяй. На сераду запланаваны новы мітынг.

Аналітыкі з Інстытута вывучэння вайны адзначылі, што Крэмль хутка даў зразумець, што так званыя расейскія міратворцы не будуць умешвацца ў аперацыю Азербайджана ў Нагорным Карабаху, нягледзячы на ​​папярэднія сувязі Расеі з Арменіяй у сферы бяспекі. Дзеянні Азербайджана ў Карабаху падтрымала Турэччына. Прэзідэнт Рэджэп Эрдаган заявіў, што Нагорны Карабах з’яўляецца тэрыторыяй Азербайджану. Ён дадаў, што разлічвае на выкананне Арменіяй абяцання пра адкрыццё Зангезурскага калідору.  

Міністэрства замежных спраў Беларусі заклікала „усе бакі” зрабіць усе захады для спынення агню, каб не дапусціць гібелі людзей. Менск таксама прапанаваў сваё пасрэдніцтва для дасягнення міру і стабільнасці на Паўднёвым Каўказе.

Міжнародныя арганізацыі таксама шукаюць шляхі для аднаўлення перамоў паміж бакамі.