Юры Дзегцяроў: Працуем дзеля перамогі



Прыкладна два месяцы – такі час у Львоў не было сур’ёзных прылётаў расейскіх ракет. На добрым узроўні працуе ўкраінская сістэма супрацьпаветранай абароны.

Горад стаў хутчэй на летні час турыстычным цэнтрам Украіны, – распавёў „Госць Рацыі” беларускі валанцёр Юры Дзегцяроў у гутарцы з Алісай Поль:

РР: Ці маглі б паведаміць, дзе цяпер знаходзіцеся? Што дзеецца навокал вас?

– Знаходжуся ў Львове, гэта на захадзе Украіны. Тут беларусаў даволі шмат. Працуем дзеля перамогі, хто як можа, дапамагае хто чым можа. Хтосьці валанцёрыць, хтосьці ў складзе Палка Каліноўскага, у УСУ або ў тэрытарыяльнай абароне. Усе нягледзячы на страты, нягледзячы на ахвяры, усе трымаемся разам. Маем надзею, што ўсё ж такі пераможам нашага агульнага ворага. Запрашаю нашых беларусаў, у якіх „рукі чэшуцца” штосьці рабіць дзеля агульнай нашай перамогі, запрашаю прыязджаць да нас, праца знойдзецца. Валанцёрыць або дапамагаць вайскоўцам, у медыцыне і гэтак далей.

РР: Наколькі зараз спакойная сітуацыя ў Львове?

– У Львове зараз значна спакайней у параўнанні з іншымі часткамі Украіны. Ноччу і днём бываюць трывогі, але зараз, як мы ўсе ведаем, сілы СПА больш моцныя ва Украіне. Часта да нас проста не далятае ўсякая нечысць з-за ўсходняй мяжы. У нас, можна сказаць, адносна спакойна, калі параўноўваць з усёй краінай.

РР: Ці бываюць прылёты і як спрацоўвае супрацьпаветраная абарона?

Прылётаў ужо даўно не было. Менавіта па нейкіх аб’ектах інфраструктуры, па вайсковых аб’ектах або па жылых масівах ці дзіцячых садках, школах, як раней. Апошні раз гэта было, калі я не памыляюся, месяцы тры таму, калі ў інтэрнат трапіла ракета. Зараз дзякуючы СПА, дзякуючы службам УСУ тут спакойна. Шмат украінцаў прыязджае сюды адпачываць на выходныя. Калі раней яны ездзілі кудысьці на мора, кудысьці за межы, то зараз прыязджаць ва Львоў, у Карпаты на два-тры дні выходных. На выходных тут вельмі шмат людзей, жыццё працягваецца. Хаця каменданцкую гадзіну ніхто не адмяняў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Юры Дзегцяроў дадаў, што па ўсіх пытаннях, якія звязаныя з валанцёрствам можна звяртацца ў акаўнт @sustrecha_admin ці пад нумарам +38 (095) 223-07-63 наконт гуманітарнай місіі ў Херсоншчыне.

Беларускае Радыё Рацыя