Яўген Чыквін: Мая актыўнасць у Сейме ўвесь час канцэнтравалася на правах меншасці
15 каcтрычніка ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Грамадзяне будуць выбіраць 460 дэпутатаў у Сейм – ніжэйшую палату польскага парламенту і 100 сенатараў у вышэйшую палату парламенту. Ад Падляшскага ваяводства будуць абраныя 3 сенатары і 14 дэпутатаў у Сейм. За галасы выбаршчыкаў змагаюцца кандыдаты ад 9-ці выбарчых камітэтаў.
З сёмага месца са спісу выбарчага камітэту „Грамадзянская платформа” ў Сейм балатуецца шматгадовы дэпутат польскага Сейму, галоўны рэдактар «Przeglądu Prawosławnego», цяперашні старшыня Міжпарламенцкай асамблеі Праваслаўя – Яўген Чыквін.
Як кажа Яўген Чыквін, галоўная задача дэпутата – прымаць удзел у стварэнні законаў, якія забяспечваюць годныя ўмовы жыцця выбаршчыкаў.
– Я, як пайшоў да Сейму, то цэлы час мая актыўнасць канцэнтравалася на правах меншасці. Бо часам чую маладыя галасы, навошта нам такі праваслаўны дэпутат, можа хто іншы нашыя справы будзе вырашаць. Я перакананы, што калі б не зацвердзілі тыя ўставы і пра царкву, і пра меншасці, то думаю, што ў сённяшняй палітычнай рэчаіснасці яны маглі б увогуле не быць.
У спісе „Грамадзянскай Кааліцыі” апрача Яўгена Чыквіна балатуюцца ў Сейм таксама звязаныя з беларускай нацыянальнай меншасцю і з праваслаўным асяроддзем: намеснік прэзідэнта горада Беластока Адам Мусюк, бургамістр Бельска-Падляшскага Яраслаў Бароўскі ды журналіст Ежы Кулакоўскі.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя