Аляксандр Мілінкевіч: Мы ўсе мусім быць разам
У Варшаве адбыўся III Беларускі бізнес-форум. Падзея стала важнай не толькі для эканамічнай сферы краіны, але і палітычнай. Чаму – нашаму карэспандэнту патлумачыў Госць Рацыі, удзельнік і спікер форуму, пазаштатны дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі Аляксандр Мілінкевіч:
— Гэтая падзея не толькі для бізнесменаў. Гэта падзея і палітычная, і грамадская. Мы ўсе мусім быць разам, я не кажу адной арганізацыяй, а рабіць супольна — гэта вельмі важна. Роля бізнесоўцаў у кожнай краіне найважнейшая, бо яны робяць рэформы перш за ўсё. Я ўважаю, што акрамя таго, бізнес, як мала, што іншае, мае зразумець, дзе нашае месца. Нашае месца там, адкуль мы прыйшлі, мы еўрапейцы культурай, гісторыяй, менталітэтам. Думаю, што бальшыня зразумела. Яшчэ нядаўна гэта было цяжка, цяжка ўспрымалася беларуская мова. Я не кажу, што ўсе павінныя перайсці, мо хтось увогуле не пяройдзе, гэта не так важна. Важна разумець значэнне мовы і культуры. Гэта фундамент таго, чым мы ёсць. Я шаную тых людзей, што звалілі на сябе місію яднання дзеля лабіявання, дзеля супрацы з іншымі. Групе працаваць цяжка, але толькі там можна мець сур’ёзныя вынікі.
РР: Якія цяпер галоўныя цяжкасці ў бізнес-сферы?
— Я не з бізнес-сферы, маю кантакты і праз гэтыя кантакты разумею, што самае цяжкае – гэта рабіць амаль з нуля бізнес, выехаўшы за мяжу. Чалавеку цяжка даецца. А ім тройчы цяжка. Іншыя законы, іншыя традыцыі і гэтак далей. Багата беларусаў даказалі, што яны могуць нават у такіх варунках быць. Нашыя заходнія партнёры здзіўляюцца, што захаваліся беларускія грамадскія аб’яднанні і новых столькі стварылі; што беларусы ўмеюць размаўляць адны з аднымі; і проста ўсе разам любяць Беларусь. Гэта наш вялікі плюс. Так, мы сварымся, не заўжды шануем адны адных. Але мы дэманструем еўрапейскасць у гэтым, бо ў еўрапейскім парламенце, у кожнай краіне, сябруеш, можа, часова, але з кожным, хто па дарозе табе цяпер. Гэтаму трэба вучыцца, а не даказваць, што ты носьбіт ідэі, а ён хай ідзе ў бок. І гэта таксама прататып будучнага парламенту вольнай Беларусі.
З Аляксандрам Мілінкевічам размаўляла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя