У Варшаве адкрыецца выстава пра Алеся Бяляцкага



У Беларускім доме ў Варшаве 26-га верасная адкрыецца выстава, прысвечаная палітзняволенаму Алесю Бяляцкаму, які селёта быў уганараваны эканамічнай элітай Польшчы як «Асоба года» узнагародай «Залатыя лаўры-2023».

Значэнне такога ўганаравання і запрашэнне на выставу перадаў суарганізатар, кіраўнік ініцыятывы “Маланка Медыя” Павел Марыніч:

-Гэта ўзнагарода ўсяму беларускаму народу, які змагаецца за сваю волю. Беларуская дыяспара, Беларускі дом у Варшаве плануюць пасля выбарчай кампаніі гэтую выставу размясціць у Сойме Польшчы. Гэта таксама вельмі важна. Гэтая выстава будзе праходзіць як імпрэза, дзе будзе паказаны фільм “Маланка Медыя”, які называецца “Бяляцкі”, гэта будзе выстава, якую рабілі сумесна праваабаронцы, “Вясна”, Беларускі дом правоў чалавека і Наталля – жонка Алеся Бяляцкага.

Сабраныя матэрыялы, якія адлюстроўваюць увесь шлях Алеся, які змагаўся за правы чалавека, пачынаючы з часоў Савецкага Саюзу і да нашых часоў. Пакуль ён не апынуўся за кратамі.

РР: Гэта выстава будзе насіць часовы характар ці пастаянны?

Павел Марыніч: Часовы. Гэта працяг той працы, якую мы робім. Выстава будзе праходзіць у еўрапейскіх гарадах. Пачалося гэта ўсё ў Берліне. Зараз яна едзе па Нямеччыне. У нас у планах Брусель, дзве выставы: у Еўрапарламенце і ў кабінеце беларускага прадстаўніцтва. Будзе выстава ў Празе, у Таліне. Плануем мы яшчэ Парыж і Рым.

Адкрыццё выставы, прысвечанай палітзняволенаму Алесю Бяляцкаму, у Беларускім доме ў Варшаве стане працягам выставачнага цыклу пра дзеяча па ўсёй Еўропе. Наперадзе – выставы ў Рыме і Парыжы, чыім ганаровым жыхаром з’яўляецца Алесь Бяляцкі.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Радыё Рацыя