У Гданьску праходзіць ХІ Кангрэс даследчыкаў Беларусі (абноўлена)



У Гданьску адбываецца ХІ Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Гэты прадстаўнічы форум, на які прыехала больш за 350 ўдзельнікаў з усяго свету.

Ён пачаўся агульным пленарным паседжаннем, на якім сярод іншых выступіў дыпламат, былы пасол Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі:

-У жніўні 2020 года беларусы паказалі свету, але перш за ўсё самі сабе, што яны хочуць, каб да іх ставіліся як да паўнавартаснага суб’екта. Хочуць мець уласную, дэмакратычную, незалежную дзяржаву. Хочуць быць гаспадарамі ў сваёй краіне. Паказалі, што дэспатычны стыль кіравання глыбока архаічны, што ў іх ёсць годнасць і яны хочуць, каб іх голас улічваўся. А гэты голас быў поўнасцю праігнараваны.

Нядаўна, літаральна ў верасні, Артур Міхальскі быў прызначаны спецыяльным прадстаўніком міністра замежных справаў Польшчы ў справах супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Ён актыўна бярэ ўдзел у многіх мерапрыемствах, якія ладзяць беларусы ў замежжы, у тым ліку ўдзельнічае ў сёлетнім Кангрэсе даследчыкаў Беларусі.

У польскі горад з багатай традыцыяй змагання за свабоду і дэмакратыю прыехалі навукоўцы і даследчыкі з розных краін свету.

Андрэй Казакевіч

Старшыня арганізацыйнага камітэту кангрэсу Андрэй Казакевіч адзначыў, што сама ідэя правядзення гэтага прадстаўнічага форуму ў Гданьску ўзнікла яшчэ некалькі гадоў таму:

-Ужо шмат год таму – гэта быў, напэўна, 2016 ці 2017 год – мы прынялі рашэнне, што рэгулярна будзем праводзіць Кангрэс па-за межамі Коўна. Для таго, каб падтрымаць новых партнёраў, каб прыцягнуць новую аўдыторыю. Таму ў 2017 годзе мы правялі Кангрэс упершыню ў Польшчы – у Варшаве. У 2019 годзе мы праводзілі яго ў Вільні. Спрабавалі правесці таксама ў Беларусі. Праўда, не атрымалася. Таму гэта працяг гэтай лініі, бо стаяла пытанне даўно, каб усё ж такі правесці яго ў новым месцы.

Чаму Гданьск? Таму што мы маем добрыя партнёрскія стасункі перш за ўсё з Музеем ІІ Сусветнай вайны. Яны прапанавалі выступіць асноўнай пляцоўкай, асноўным арганізатарам. Стварылі тут у Гданьску кааліцыю з іншых удзельнікаў – гэта Цэнтр “Саліарнасці”, музей марскі. Выстраілася ўся неабходная інфраструктура. Але гэта, натуральна, быў доўгі працэс.

Праца Кангрэса даследчыкаў Беларусі будзе доўжыцца тры дні і завершыцца ў нядзелю 24 верасня. А заўтра, у суботу, адбудзецца ўручэнне прэмій Кангрэса за лепшыя навуковыя публікацыі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Праца Кангрэсу даследчыкаў Беларусі будзе доўжыцца тры дні і завершыцца ў нядзелю 24 верасня. У суботу адбудзецца ўручэнне прэмій кангрэсу за лепшыя навуковыя публікацыі.

Беларускае Радыё Рацыя