Сусветны распрацоўшчык анлайн-казіно пакідае Беларусь
Evolution Gaming — распрацоўшчык гульняў для анлайн-казіно — да канца года закрые офіс распрацоўкі ў Менску. Пра гэта беларускую каманду апавясціў у сваім лісце топ-менеджмент кампаніі.
“У цяперашняй палітычнай і сацыяльнай нявызначанасці ў Беларусі мы, на жаль, не гарантуем, што зможам выступаць у якасці добрага працадаўцы для нашых супрацоўнікаў”, — гаворыцца ў лісце. Адзначаецца, што рашэнне зачыніць офіс было няпростым. “Два гады таму мы адкрылі менскі хаб з намерам зрабіць яго адным з найбуйнейшых інжынерных хабаў у Еўропе. І дагэтуль спадзяваліся, што не давядзецца мяняць нашых амбіцыйных планаў”, – дадалі ў лісце.
Да канца гэтага года менская каманда мае скончыць усе праекты, якія знаходзяцца ў завяршальнай стадыі. Астатнія праекты плануецца перадаць інжынерным камандам у іншых лакацыях. Закрыццё менскага офіса закране каля 80 спецыялістаў. Паводле інфармацыі dev.by, ім прапанавалі рэлакейт у польскі офіс кампаніі.
Беларусь і Расея набліжаюцца да адзінага рынку энергіі
У Беларусі няма прычын затрымліваць аб’яднанне сваёй энергасістэмы з расейскай, у выніку чаго будзе створаны адзіны рынак энергіі ў пачатку 2024 года. Пра гэта расказаў журналістам намеснік кіраўніка Мінэнерга Беларусі Дзяніс Мароз, піша ТАСС. Па словах чыноўніка, дакументы пра агульны рынак будуць завераныя беларускім бокам бліжэйшым часам. “Трэба разумець, што энергасістэмы Беларусі і Расеі працуюць сінхронна. І гаворка ідзе пра тое, што трэба выбудаваць новую сістэму ўзаемаадносін сумеснага рынку”, – растлумачыў чыноўнік.
Раней паведамлялася, што Еўразійская эканамічная камісія выбірае біржавую пляцоўку, на якой будуць арганізаваны таргі электраэнергіяй у Еўразійскім эканамічным саюзе. Кіраўнікі ўрадаў краін ЕАЭС падпісалі дамову пра стварэнне агульнага электраэнергетычнага рынку яшчэ ў 2019 годзе.
Беларусаў зноў папярэдзілі, каб рыхтаваліся да скачка цэн
У верасні інфляцыя можа здзівіць беларусаў нізкім памерам. Аднак яе рэзкі рост беларусы ўбачаць ужо ў кастрычніку гэтага года. Пра гэта падчас брыфінгу расказаў навуковы супрацоўнік BEROC Анатоль Харытончык.
Эканаміст лічыць, што ў кастрычніку інфляцыя “рэзка паскорыцца”. Гэта звязана з тым, што якраз у той жа месяц у мінулым годзе было зніжэнне ўзроўню спажывецкіх цэн на адзін працэнт з-за ўвядзення жорсткага рэгулявання. “Таму нават калі цэны ў кастрычніку не зменяцца, гэта дадасць нам да агульнай гадавой інфляцыі адзін працэнтны пункт. Хутчэй за ўсё, мы ў верасні ўбачым мінімум гадавы інфляцыі, магчыма, крыху ніжэй за 2%, а ў кастрычніку рушыць досыць моцны рост”, – тлумачыць эканаміст.
На яго думку, да канца года інфляцыя складзецца ў дыяпазоне 5-7 працэнтаў. Такі ўзровень інфляцыі прагназуюць па выніках года і ўлады.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: bonusykasyno.com.