Агляд прэсы: Новыя межы



У Латвіі плануюць забараніць эксплуатацыю аўто на беларускіх нумарах. Непарушная будучыня Польшчы і Украіны. Нагорны Карабах: перамовы пра будучыню армянскага насельніцтва. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Міністэрства юстыцыі Латвіі рыхтуе законапраект, які забароніць знаходжанне ў краіне аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі і Расеі», – піша мясцовая служба DW.

«Калі на працягу трох месяцаў аўтамабіль не будзе перарэгістраваны або вывезены з Латвіі, то магчымы санкцыі аж да канфіскацыі. Па словах міністра юстыцыі Інэсе Лібіні-Эгнеры, канфіскаваць могуць на карысць Украіны. Сваю пазіцыю Мінюст звязвае з тым, што санкцыі ЕЗ супраць Расеі і Беларусі распаўсюджваюцца і на асабісты транспарт. З 12-га верасня шэраг краін ЕЗ, у тым ліку Латвія, аб’явілі аб забароне ўязджаць на зарэгістраваных у РФ транспартных сродках. Грамадзян Беларусі гэтая мера не датычылася», – нагадвае нямецкае выданне.

Пасля заявы Еўракамісіі пра тое, што ўведзеная ў рамках антырасейскіх санкцый забарона на ўвоз расейскіх аўтамабіляў распаўсюджваецца і на асабістыя аўто, не прызначаныя для продажу, многія дзяржавы Еўропы, у тым ліку Фінляндыя і краіны Балтыі, забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю аўтамабілям з расейскімі нумарамі. Фінская газета Hämeen Sanomat вітае такі крок.

«Баявыя дзеянні ва Украіне багатыя наступствамі, і наступствы гэтыя павінны адчуваць на сабе і радавыя расейцы: у сваім паўсядзённым жыцці. Цяпер гэтыя наступствы знаходзяцца для простых людзей на прымальным, але ўжо адчувальным узроўні, а таксама на такім узроўні, з якім могуць пагадзіцца і фіны, нават пры тым, што гэтыя рашэнні абарочваюцца і некаторымі мінусамі для нашае краіны. Забарона на ўвоз легкавых аўтамабіляў была прынятая грамадствам, таму што такія рашэнні знаходзяць сярод фінаў шырокае адабрэнне», – прагназуе фінскае выданне.

Міжнародную грамадскасць узрушыла цытата з выказвання прэм’ера Польшчы Матэвуша Маравецкага, вырваная з кантэксту. У адным з інтэрв’ю ён заявіў: «Мы цяпер больш не перадаем зброю Украіне, мы зараз самі ўзбройваемся самай сучаснай зброяй». Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на гэтае выказванне рэзкай крытыкай. Еўрапейская прэса каментуе гэтую спрэчку ў кантэксце ўведзенай некалькімі краінамі забароны на імпарт украінскай аграрнай прадукцыі, а таксама перадвыбарнай кампаніі, якая вядзецца зараз у Польшчы. «Нельга дапусціць таго, каб збожжавае пытанне разбурыла адзінства саюзнікаў», – адзначае браціслаўская газета Pravda.

«Гэта нармальна, калі ў нас з’яўляюцца сумневы і пярэчанні па пытанні экспарту ўкраінскага збожжа. Гэта – частка міжнароднай палітыкі і легітымны прадмет дыскусій. Аднак мы не павінны забываць аб тым, хто завёў нас у гэтую «хваравітую калатнечу». У руках у Пуціна – не толькі энергетычная, але і збожжавая зброя. І пры ягонай дапамозе ён паспяхова «забівае адразу трох зайцоў»: паралізуе ўкраінскую эканоміку, дэстабілізуе еўрапейскі рынак дый уносіць раскол у шэрагі заходніх саюзнікаў. Ці пойдзем мы ў яго на повадзе? Гэта ўжо залежыць ад нас», – заклікае славацкае выданне.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў заявіў пра перамогу азербайджанскай арміі над Нагорным Карабахам, які абвясціў сваю незалежнасць ад Баку ў 1991 годзе. Першы раунд перамоваў, якія пачаліся паміж прадстаўнікамі рэгіёну, населенага пераважна армянамі, і азербайджанскім бокам, скончыўся безвынікова. У ходзе перамоваў абмяркоўваліся галоўным чынам пытанні бяспекі і забеспячэння насельніцтва таварамі першай неабходнасці. «Перамога Азербайджана над Нагорным Карабахам – гэта яшчэ адно наступства вайны ва Украіне», – лічыць амстэрдамская газета Trouw.

«З-за поўнамаштабнай вайны супраць Украіны Расея зараз не ў стане ваяваць на розных франтах, і ўжо сапраўды яна не хоча сварыцца з Азербайджанам. Вайна ва Украіне вядзе да палітычнай і ваеннай нестабільнасці ўздоўж межаў Расеі на Каўказе і далей у Азіі. Расея больш не можа так лёгка навязваць сваю волю суседнім краінам. У сувязі з гэтым карты ператасоўваюцца зноў. Аднак гэта не адносіцца да вельмі беднай Арменіі, якая ў ваенных і эканамічных адносінах залежыць ад Расеі», – адзначае нідэрландскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя