Аляксей Ластоўскі: Мы імкнёмся стварыць прастору для прадстаўлення новых навуковых даследаванняў



Другі дзень у Гданьску адбываецца ХІ Кангрэс даследчыкаў Беларусі. На працягу ўсяго дня навукоўцы і даследчыкі, якія прыехалі на форум, будуць працаваць у сваіх секцыях.

Сябра арганізацыйнага камітэту кангрэсу Аляксей Ластоўскі адзначыў, што ўпершыню партнёрамі кангрэсу выступілі не ўніверсітэты, а музеі:

РР: Наколькі складана было арганізаваць кангрэс у Гданьску?

– Сапраўды, у нас ёсць стандартная пляцоўка – гэта ковенскі ўніверсітэт Вітаўта Вялікага. Мы там усё ведаем, што да чаго, звычайна па абкатанай схеме там ладзім кангрэсы. Калі ў нас адбываюцца выязныя кангрэсы, быў адзін у Варшаве, быў адзін у Вільні, зараз ужо трэці выязны кангрэс у Гданьску. Гэта сапраўды стварае дадатковыя праблемы, паколькі новае месца і трэба разумець, як дабірацца, якія тут гатэлі і ўсё іншае. Я б дадаў яшчэ адзін важны фактар, што ўпершыню мы робім кангрэс не ў супрацы з універсітэтамі, а ў супрацы з музеямі. Гэта таксама дадатковы выклік, паколькі паўстае банальнае пытанне, што неабходная колькасць аўдыторый. Тут нам давялося паламаць галаву, як гэта ўсё размясціць. Мушу адзначыць, што польскія музеі на высокім узроўні, маюць дадатковую інфраструктуру. Спадзяёмся, што госці і ўдзельнікі кангрэса будуць задаволеныя тым, якім чынам тут усё арганізавана.

РР: Наколькі складана было арганізаваць удзельнікаў?

– Сапраўды ёсць праблема, якая не мае нейкага лёгкага вырашэння, паколькі гэта тое, з чым мы ўсе мусім сутыкацца, хто займаецца арганізацыяй нейкага культурнага і палітычнага жыцця. Зараз ёсць Беларусь і ёсць эміграцыя. Відавочна, што ў нас пазіцыя стварэння агульнай платформы. Кангрэс заўжды быў пляцоўкай арыентаванай на прэзентацыю магчымых поглядаў розных палітычных спектраў. Заўжды гэта была пляцоўка для дыялогу і мы ніколі гэтага не хавалі. Безумоўна, што ў гэтай сітуацыі мы таксама бачым, як адну з важных місій, гэта ўсё ж такі, каб не перарываліся сувязі паміж тымі навукоўцамі, якія засталіся ў Беларусі і якія выехалі за мяжу. Мы не імкнёмся кагосьці абвінавачваць ні ў чым, бо разумеем, што сітуацыя складаная. Тыя, хто застаецца ў Беларусі, яны таксама ў вельмі складнай сітуацыі. Безумоўна, што мы вымушаныя таксама зыходзіць з сітуацыі, што большая частка людзей, якія зараз знаходзяцца ў Беларусі, проста баяцца прыязджаць на кангрэс з-за магчымых рэпрэсій. Асабліва тыя, хто працуе ў дзяржаўных структурах, кшталту Акадэміі Навук або ўніверсітэтаў. Мы ведаем, што на тых людзей ціснуць. Хаця зноў жа, кангрэс не мае такой палітычнай скіраванасці, мы не займаемся нейкай індэктрынацыяй, нікога тут не вярбуем, як часам нас абвінавачваюць прапагандысты. Мы імкнёмся стварыць прастору для прадстаўлення новых навуковых даследаванняў, для іх абмеркаванняў. Імкнёмся ўсё ж такі выцягваць людзей з Беларусі, хаця іх усё ж такі з кожным годам становіцца ўсё менш і менш. Раней гэта была большасць удзельнікаў кангрэсу, а зараз гэта ўжо мабыць толькі некалькі дзясяткаў. Гэта адчайныя людзі, якія не зважаючы на тое, што рэпрэсіі ў Беларусі па-ранейшаму працягваюцца, усё ж такі выехалі.

Былі свае праблемы, былі праблемы з візамі, хаця мушу адзначыць, што з польскім консульствам было прасцей працаваць, чым з літоўскім. На мінулыя кангрэсы, што адбываліся ў Літве, літоўцы агулам візы не выдавалі для ўдзельнікаў кангрэсу. У гэтым годзе з цяжкасцямі, вельмі запознена, але ўсё ж такі была магчымасць атрымання віз. Наклаліся зусім іншыя фактары, хто сочыць за навінамі, той ведае што адбываецца ў польскім міністэрстве замежных спраў. Гэта ўсё неяк супала з падрыхтоўкай да кангрэсу. Такое здараецца і мы на гэта паўплываць не можам. Таму па сутнасці, кангрэс зараз пераўтвараецца ў месца, дзе збіраюцца людзі, якія займаюцца даследаваннем Беларусі ў іншых краінах свету. Сапраўды гэта геаграфія пашыраецца, гэта не толькі еўрапейскія краіны, прыязджаюць людзі са Злучаных Штатаў Амерыкі. З Ізраілю прыехалі можна сказаць нашы два патрыярхі – гэта Захар Шыбека і Алесь Белы. Трэба разумець, што беларуская тэматыка – гэта профільная ўсё ж такі для Польшчы, Літвы, Нямеччыны, таму большасць даследчыкаў з гэтых краін.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Сёння ўвечары ў асноўнай лакацыі Кангрэса ў Музеі Другой сусветнай вайны адбудзецца цырымонія ўзнагароджвання прэміямі за лепшыя навуковыя публікацыі. А ўжо ў нядзелю, 24 верасня, форум завершыць сваю працу і на адмысловым пленарным пасяджэнні падвядзе вынікі.

Беларускае Радыё Рацыя