„Сіла літары”
З пачатку шырокамаштабнага ўварвання РФ украінскія СМІ і дзяржаўныя структуры практыкуюць напісанне некаторых слоў, звязаных з краінай-агрэсарам, з маленькай літары. У знак пагарды. І калі раней для нарматыўнай мовы гэта было памылкай, то на дваццатым месяцы вайны Нацыянальная камісія па стандартах дзяржаўнай мовы прыняла рашэнне не лічыць напісанне гэтых слоў з маленькай літары парушэннем моўных норм у неафіцыйных тэкстах.
Затое афіцыйна. Фармальна – павінна быць абгрунтаванне, нефармальна – каму яно трэба, калі галоўны аргумент і так ляжыць на паверхні: гераічная барацьба ўкраінскага народа супраць маскоўскай арды. Ад слова „масковія”. Пад пагарду трапілі „расейская федэрацыя”, „масква”, „расейская імперыя”, „дзяржаўная дума Расеі”. Мовазнаўцы з Інстытута ўкраінскай мовы Нацыянальнай акадэміі навук Украіны тлумачаць, што такое правіла існавала і раней: імёны і прозвішчы людзей, якія ўжываюць грэбліва, дапушчальна пісаць з малой літары. Напрыклад, „юды”, „гітлеры”.
Што тычыцца назвы краіны – такога ў правапісе не было. Па сутнасці, Нацкамісія толькі фармалізавала тое, што і так робяць усе ўкраінцы. Пры гэтым міністр адукацыі і навукі Украіны выдаў указ, паводле якога „РФ” і „Расея” ў афіцыйных дакументах пішуцца з вялікай літары. Гэта патрабаванне нормапраектавання, без яго Міністэрства юстыцыі не зарэгіструе ніводны дакумент. Украінцы ўспрынялі ўказ варожа, на міністра пасыпаліся абвінавачанні ў здрадзе і ў сімпатыях да агрэсара. А любы скандал у ваюючай краіне, як вядома, на руку ворагу, якога менш не становіцца. Хоць з маленькай пішы, хоць з вялікай.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя