Cусветная прэса пра Беларусь: Беларускія „свае”
Беларуская апазіцыя сутыкаецца з унутранымі рэаліямі. Лукашэнка імкнецца да больш цесных сувязяў з Расеяй і Паўночнай Карэяй.
Сітуацыя з Беларуссю змяняецца. Беларуская залежнасць ад Крамля ўзрасла: аднак гэта не роўна ваеннай акупацыі. «Актыўна раскручаны аргумент пра тое, што Беларусь з’яўляецца акупаванай Расеяй краінай, не вытрымлівае крытыкі. Цяпер у Беларусі засталося крыху больш за 2 тысячы расейскіх вайскоўцаў — 1450 на двух расейскіх ваенных аб’ектах і 600 на двух аэрадромах. Колькасць гэтых сіл супадае з мінулымі лічбамі з канца 1990-х гадоў», – піша амерыканскае выданне Jamestown.
«Лукашэнка – не зусім марыянетка Пуціна. Беларускаму прэзідэнту ўдалося пазбегнуць адпраўкі ніводнага беларуса на баявыя дзеянні Расеі ва Украіне. Больш за тое, Лукашэнка працягвае падтрымліваць сувязі з Кіевам. Размяшчэнне расейскай тактычнай ядзернай зброі на беларускай зямлі не было вынікам выкручвання рук Крамлём. Гэта быў выпадак, калі інтарэсы Масквы цалкам супадалі з амбіцыямі Лукашэнкі. Лукашэнка ўсё яшчэ выбівае поле для манеўру як у Беларусі, так і за яе межамі. Тое, што беларуская дзяржаўнасць не была страчана, з’яўляецца важным набыткам для перспектывы перамен. А вось прынятая віленскім часовым кабінетам Святланы Ціханоўскай дэкларацыя аб будучым членстве Беларусі ў Еўразвязе сведчыць пра тое, што апазіцыя не разумее ўнутрыбеларускіх рэалій. Кабінету Ціханоўскай і яе патронам з ЕЗ лепш спрыяць адзінству прадэмакратычных сілаў, а не расколу ў Беларусі. Калі не, то прыхільнікі апазіцыі ў выгнанні будуць працягваць усё больш расчароўвацца ў яе перспектывах. Гэтая праблема можа быць патэнцыйна больш небяспечнай для беларускай дзяржаўнасці, чым для рэжыму Лукашэнкі, якому даўні раскол фактычна спрыяе. Каля 90 працэнтаў беларусаў не маюць «правільнага погляду» на беларускую нацыю. Беларускай апазіцыі трэба скарэктаваць сваю рыторыку, калі яна спадзяецца заставацца хаця б у нейкай ступені актуальнай у Беларусі», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
Стварыць трохбаковае партнёрства з Расеяй і Паўночнай Карэяй прапануе Лукашэнка падчас сустрэчы з Пуціным у Сочы. «Лукашэнка і Пуцін сустрэліся ў чарнаморскім курортным горадзе, каб абмеркаваць двухбаковыя адносіны і далейшую інтэграцыю ў так званую Саюзную дзяржаву ва ўмовах іх усё большай ізаляцыі», – сочыць за сітуацыяй украінская газета The Kyiv Independent.
«Сустрэча адбылася праз два дні пасля сустрэчы Пуціна з паўночнакарэйскім дыктатарам Кім Чэн Ынам на касмадроме Усходні ў Амурскай вобласці Расеі. Ходзяць чуткі пра здзелку па пастаўках зброі паміж двума лідарамі, хоць Крэмль гэтыя заявы адмаўляе. Лукашэнка не стаў раскрываць падрабязнасці перамоваў з Пуціным у Сочы, аднак дыктатар заявіў, што ў цэнтры ўвагі візіту былі пытанні абароны і бяспекі. Напружанасць паміж Беларуссю і яе суседзямі па ЕЗ узмацнілася з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі. Менск працягвае рабіць ілжывыя заявы, што Варшава мае так званыя «экспансіянісцкія мэты» на Усход. Сустрэча Пуціна з Лукашэнкам стала для іх сёмай у гэтым годзе. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка да гэтага часу ўстрымліваўся ад адпраўкі ўласных войскаў ваяваць разам з расейскімі сіламі ва Украіне, яго рэжым працягвае дапамагаць Маскве ў яе вайне», – канстатуе ўкраінскае выданне.
Больш за тры месяцы пасля няўдалага мяцяжу Яўгена Прыгожына, падчас якога былы саюзнік Пуціна рушыў на Маскву з тысячамі сваіх войскаў, наступствы для Расеі і яе прэзідэнта пачынаюць высвятляцца. Нягледзячы на тое, што пазіцыя Пуціна пакуль здаецца бяспечнай, яго ўнутраная аўра непераможнасці была разбурана, а геапалітычныя наступствы слабасці расейскага лідара шматразовыя, не абмінулі яны і Беларусь.
«Нягледзячы на згоду застацца ў Беларусі, Прыгожын вярнуўся ў Расею і не панёс ніякіх юрыдычных наступстваў. Але ён загінуў у авіякатастрофе праз два месяцы з дня няўдалага мяцяжу», – заўважае міжнароднае выданне Eurasiareview.
«Дзеянні Вагнера наносяць вялікую шкоду Пуціну па шэрагу прычын. Рэпрэсіі супраць іншадумства, якія працягваюцца, дэманструюць няздольнасць расейскага ўрада вярнуцца да стану, калі ўнутраная згода атрымліваецца непрымусовым шляхам. Няўдалы мяцеж таксама рызыкуе нанесці шкоду эканамічным адносінам Расеі з яе азіяцкімі суседзямі, асабліва з Кітаем.
Няўдалы мяцеж Вагнера — разам з няўдачамі ў вайне Расеі супраць Украіны — намякае на няздольнасць Расеі захаваць статус вялікай дзяржавы. Расея палітычна і ваенна перанапружаная, яе ўрад карыстаецца падтрымкай свайго народа толькі на паверхні, і сітуацыя наўрад ці палепшыцца ў агляднай будучыні. Паколькі ўнутранае становішча Расеі працягвае пагаршацца, краіны, якія разлічваюць на поўную падтрымку Расеі ў барацьбе з уплывам ЗША ў Азіі, губляюць давер, і Беларусь сярод іх», – канстатуе еўрапейскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя