Барыс Жаліба: Самае горшае – знешняя дзяржаўная запазычанасць
“Знешнюю дзяржаўную запазычанасць наша эканоміка можа пагасіць па графіку толькі шляхам рэфінасавання”, – лічыць эканаміст Барыс Жаліба.
Валютная запазычанасць сотні буйнейшых беларускіх прадпрыемстваў складала на пачатак году каля 10 мільярдаў даляраў.
«На сотню прадпрыемстваў прыходзілася валютная запазычанасць ў памеры 10 мільярдаў даляраў. Гэта эквівалентна 60% ўсёй запазычанасці ў замежнай валюце, якую прадпрыемствы маюць перад банкаўскай сістэмай”, – цытуе БелаПАН старшыню Нацбанка Беларусі Паўла Калаура.
Барыс Жаліба: Гэта так званая карпаратыўная запазычанасць, якая ў асноўным кароткатэрміновая. Гэта тыя бягучныя валютныя крэдыты, якія бяруць многія прадпрыемствы, каб нешта набыць. Яны пагашаюцца, таму ўвогуле лічба не такая ўжо і страшная. Самае горшае – знешняя дзяржаўная запазычанасць. Яна – доўгатэрміновая, і яе наша эканоміка можа пагасіць па графіку толькі шляхам рэфінансавання. Бярэм новыя валютныя пазыкі, каб аддаць старыя.
РР: Чым небяспечная для эканомікі карпаратыўная запазычанасць?
Барыс Жаліба: У любым выпадку на яе трэба звяртаць увагу, бо ўжо былі прыклады ў гісторыі, калі ў некаторых краінах глыбокі эканамічны крызіс быў выкліканы не толькі знешнімі даўгамі, але і такімі запазычанасцямі. Бо адны прадпрыемствы разлічваюцца па пазыках, а іншыя – праблемныя. Трэба глядзець асобна на кожнага, хто бярэ крэдыт. У стане ён аддаваць грошы ці не ў стане? І, калі не ў стане, то гэта ўжо ненармальная сітуацыя.
РР: У цяперашнім эканамічным стане, ці будзе павялічвацца карпаратыўная запазычанасць прадпрыемстваў?
Барыс Жаліба: Яна расце ў залежнасці ад росту УВП, а ў нас ён не расце. Улічваючы, што фінансавы стан беларускіх прадпрыемстваў таксама не паляпшаецца, доля карпаратыўных знешніх даўгоў у агульнай запазычанасці дзяржавы можа і павялічыцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота reporter.by