Зяленскі ўзнагародзіў грамадзянаў Польшчы
На шляху з Канады ва Украіну прэзідэнт Уладзімір Зяленскі зрабіў прыпынак у польскім Любліне, дзе ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды двум грамадзянам Польшчы.
Так, «за значны асабісты ўнёсак у падтрыманне дзяржаўнага суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і ўмацаванне ўкраінска-польскага супрацоўніцтва» украінскі лідар узнагародзіў ордэнам княгіні Вольгі II ступені польскую журналістку TVN Discovery Poland Б’янку Залеўскую, якая працавала ў зоне АТА з 2014 года, а пасля як валанцёр збірала і перадавала гуманітарную дапамогу ва Украіну.
Акрамя таго, ордэнам «За заслугі» III ступені з такой жа фармулёўкай узнагароджаны польскі медык-ратавальнік Дам’ян Дуда. Польскі медык сабраў брыгаду лекараў, якія за ўласныя сродкі набылі неабходныя медыкаменты і прыехалі ва Украіну для аказання медыцынскай дапамогі ўкраінцам, у прыватнасці параненым вайскоўцам.
Крыніца: Польскае радыё