У беларускіх заводаў па вытворчасці пелет узніклі праблемы



Прадпрыемствы па вытворчасці пелет пасля ўвядзення санкцый працуюць на мінімальнай магутнасці, расказаў у эфіры дзяржТБ кіраўнік Мінлясгаса Аляксандр Кулік. Знайсці новыя рынкі збыту вытворцам так і не ўдалося. “Мерзнуць на Захадзе, але на нашу прадукцыю, экалагічна чыстыя пелеты з драўніны, прынамсі мінулы сезон, ставілі заслон. Паглядзім, як у гэтым”, — цытуе чыноўніка рэсурс “Позірк”. Па словах Куліка, крыху ўдалося павялічыць пастаўкі на ўнутраны рынак. І працягваецца пошук новых.

Прадпрыемствы па вытворчасці пелет масава сталі ствараць у Беларусі ў 2019 годзе — гэта было даручэнне Аляксандра Лукашэнкі. Так чынам хацелі вырашыць праблему перапрацоўкі драўняных адходаў. У выніку замест шасці толькі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі з’явілася 16 заводаў.

Яшчэ два буйныя міжнародныя банкі блакуюць свае карткі ў Беларусі

Два міжнародныя банкі — Luminor Bank і SEB Bank — спынілі працу сваіх картак на тэрыторыі Беларусі. Банкі паведамілі, што з 25 верасня нельга безнаяўна разлічыцца за тавары і паслугі альбо зняць наяўныя ў банкаматах Беларусі. У прыватнасці, SEB Bank патлумачыў абмежаванні павелічэннем аб’ёму міжнародных санкцый.

Толькі ў канцы жніўня шведская банкаўская група Swedbank паведаміла пра тое, што з шостага верасня больш не можа даваць магчымасць аплаты сваімі карткамі на тэрыторыі Беларусі.

Тавары для беларусаў на Ozon і Wildberries абклалі двайным падаткам

Цяпер тавары, якія прадаюцца на такіх маркетплэйсах, як Ozon і Wildberries, у Беларусі абкладаюцца падаткам на дабаўленую вартасць двойчы. Пра гэта распавядае выданне “Беларусы і рынак”.

Як нагадвае Myfin.by, раней праводзілася сустрэча прадстаўніка Ozon з міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксеем Багданавым. На ёй узнімалася тэма змен у беларускім заканадаўстве, якія замацуюць статус маркетплэйсаў у Беларусі. Афіцыйная прадстаўніца Еўразійскай эканамічнай камісіі Ія Малкіна заяўляла, што цяпер ужо існуе канцэптуальна ўхваленая рэдакцыя паправак у дагавор аб ЕАЭС. Магчыма, гэтыя змены пазбавяць маркетплэйсы падвойнага падаткаабкладання.

Колькі губляе Украіна ад эмбарга на ўкраінскае збожжа?

Блакаванне Венгрыяй, Польшчай і Славакіяй паставак украінскай сельгаспрадукцыі можа каштаваць Кіеву да $230 млн у месяц. Гэта амаль столькі ж, колькі Украіна зарабляе на транзіце газу за квартал. Такія разлікі апублікавала РІА “Навіны”, ацаніўшы дадзеныя статыстыкі. Найбольшыя страты Украіна можа атрымаць з-за закрыцця рынку Польшчы: пастаўкі збожжа ў гэтую краіну спраўна прыносілі $112 млн у месяц. У адказ Украіна рыхтуе эмбарга на пастаўку некаторай гародніны і садавіны з Польшчы.

15 верасня скончыўся тэрмін эмбарга на ўвоз украінскага збожжа ў Балгарыю, Венгрыю, Польшчу, Румынію і Славакію. Абмежаванні датычыліся паставак рапсу, пшаніцы, кукурузы і насення сланечніка.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: albn.com.