Вячку Целешу – 85
Мастак, гісторык, пісьменнік, педагог, філакартыст, мастацтвазнаўца, грамадскі дзеяч Вячка Целеш нарадзіўся ў вёсцы Краснае Сяло на Ваўкавышчыне. Тут прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады, тут створаны былі яго першыя карціны.
25 верасня Вячка Целеш адзначае сваё 85-годдзе. У свой час ён скончыў 9 класаў Краснасельскай сярэдняй школы на Ваўкавышчыне. Працаваў мастаком-афарміцелем у Роскiм Доме афіцэраў, быў рабочым дарожнай брыгады на цэментным заводзе «Перамога», слесарам на прадпрыемстве «Рыжцэмрамонт» у латышскiм пасёлку Броцэны. Потым вярнуўся на Радзiму і год працаваў мастаком-афарміцелем у будаўнічай арганізацыі УНР-55 горада Ваўкавыска, якая рабіла рэканструкцыю цэмзавода і вяла забудову пасёлка Краснасельскi. У выхадныя дні ён наведваў мастацкую студыю раённага Дома культуры, якой кіраваў мастак Уладзімір Падабед.
Напрыканцы 1960 года зноў з’ехаў у Латвію на былое месца працы. Затым служыў у войску ў Вільні, дзе пры гарнізонным Доме афіцэраў скончыў сярэднюю школу, а таксама наведваў мастацкую студыю палаца чыгуначнікаў. Пасля службы вярнуўся ў Латвію і з таго часу жыве ў Рызе.
Скончыў педагагічнае аддзяленне Латвійскай акадэміі мастацтваў імя Тэадора Залькална, працаваў мастаком-афарміцелем. У 1989 годзе ў Рызе арганізаваў Беларускую мастацкую студыю «Вясёлка», якая існавала да 2009 года. У 1991 годзе Вячка Целеш арганізаваў і ўзначаліў Беларускую нядзельную школу. Праз два гады стварыў падрыхтоўчы клас, з якога ў 1994 годзе была адкрыта дзяржаўная Рыжская Беларуская асноўная школа. Да 2000 года ён быў яе першым дырэктарам. З 2003 года працаваў кіраўніком мастацкай студыі «Нордэка» пры 71-й Рыжскай сярэдняй школе, а з 2007 года яшчэ i дацэнтам на кафедры культуры і мастацтва Інстытута менеджмента інфармацыйных сістэм.
Вячка Целеш узнагароджаны найвышэйшай узнагародай Латвіі – ордэнам Трох Зорак. У 2018 годзе ён атрымаў медаль да 100-годдзя БНР.
Выдаў кнігі “Гарады Беларусі на старых паштоўках”, “Менск на старых паштоўках”, “Рыга на старых паштоўках”, “Ваўкавыскія паштоўкі”, “Беларускія мастакі ў Латвіі” і іншыя.
Шчыра віншуем спадара Вячку з юбілеем. Жадаем яму творчых адкрыццяў, здароўя і добрага настою.
Беларускае Радыё Рацыя