Агляд прэсы: Гарызонты тупіка



Аўстралія працягнула на 2 гады «карныя» пошліны на імпарт з Расеі і Беларусі. Украінска-польскае пытанне. Тэрарыстычны акт у Косава. Няспынны міграцыйны паток. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Павелічэнне тарыфаў пасля вайны ва Украіне «значна паўплывала» на гандаль Аўстраліі з дзвюма краінамі», – паведамляе турэцкая газета Anadolu.

«Урад Аўстраліі ў панядзелак заявіў, што падоўжыў «карныя» мыты на тавары, імпартаваныя з Расеі і Беларусі, яшчэ на два гады. Аўстралія працуе ў цесным супрацоўніцтве з міжнароднымі партнёрамі, каб пакараць Расею пры дапамозе кропкавых санкцый і гандлёвых мер, якія зніжаюць здольнасць Расеі фінансаваць сваю незаконную і амаральную вайну ва Украіне. Цяпер тарыфы будуць дзейнічаць да кастрычніка 2025 года. У красавіку 2022 года Канбера ўпершыню ўвяла дадатковыя 35% мыты на імпарт з Расеі. Павышэнне такога тарыфа істотна паўплывала на гандаль. Імпарт з Расеі ўпаў больш чым на 95% у другой палове мінулага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года. Аўстралія зноў заклікае Расею неадкладна вывесці свае сілы з тэрыторыі Ўкраіны, а Беларусь — спыніць падтрымку бессэнсоўнай вайны Расеі. Аўстралія нязменна падтрымае сувэрэнітэт Ўкраіны і ўкраінскага народу», — канстатуе турэцкае выданне.

Міжнародная грамадскасць каментуе адносіны паміж Польшчай і Украінай ў кантэксце ўведзенай забароны на імпарт украінскай аграрнай прадукцыі, а таксама перадвыбарнай кампаніі, якая вядзецца зараз у Польшчы. «Выкарыстоўваць у перадвыбарнай кампаніі антыўкраінскую рыторыку – вельмі неабдуманы крок, – такой думкі прытрымліваецца варшаўская газета Rzeczpospolita.

«З пункту гледжання доўгатэрміновай перспектывы вельмі неразумна будзіць антыўкраінскія эмоцыі ў сітуацыі, калі мы прытулілі ў сябе ў краіне паўтара мільёна (а то і больш!) мігрантаў і бежанцаў з Украіны. Большая частка з іх застанецца ў Польшчы, і цалкам верагодна, што да некаторых жанчын і дзяцей яшчэ прыедуць іх мужы і бацькі. Такім чынам, украінцы – самая значная этнічная меншасць у Польшчы. На гэтым фоне вельмі небяспечна будзіць рэсентыменты, а калі эмоцыі выпусціць з бутэлькі, то загнаць іх назад будзе ўжо не так проста: яны працягнуць насіцца ў паветры куды даўжэй, чым будзе цягнуцца гэты перадвыбарчы спектакль», – нагадвае польскае выданне.

На поўначы Косава група з прыкладна 30 узброеных баевікоў атакавала паліцыянтаў. Паводле заявы МУС у Прышціне, падчас перастрэлкі адзін паліцэйскі і трое нападнікаў былі забітыя, затым баевікі забарыкадаваліся ў мясцовым манастыры. Прэм’ер-міністр Косава Альбін Курці назваў тое, што адбываецца, тэрорам, і ўсклаў віну на Сербію. Бялград абвінавачванні абвяргае. «Эскалацыя канфлікту паміж Сербіяй і Косава здольная прывесці да непрадказальных наступстваў», – перасцерагае харвацкі партал Telegram.

«У Курці няма палітычнай прасторы для манеўру, які дазволіў бы яму адступіць. Тое ж самае можна сказаць і пра Аляксандра Вучыча, улада якога можа пахіснуцца ў выніку дэманстрацый апазіцыі. Такім чынам, склалася патавая сітуацыя – невырашальная і доўгатэрміновая. На фоне таго, што акцёры знаходзяцца пад ціскам, а міжнародная абстаноўка ў цэлым – нестабільная, у наяўнасці ўсе складнікі для рэалізацыі найгоршага са сцэнарыяў. Калі справа дойдзе да вострай эскалацыі, то ўсё гэта, несумненна, перакінецца і на Боснію і Герцагавіну, а гэтак жа, цалкам верагодна – і на Чарнагорыю. І гэта будзе мець непрадказальныя наступствы для ўсяго рэгіёну, і для Еўразвяза ў цэлым», – папярэджвае харвацкае выданне.

На мінулым тыдні на працягу ўсяго толькі трох дзён на італьянскі востраў Лампедуза прыбылі 10 000 бежанцаў. Раней падчас свайго візіту на востраў старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен прадставіла план з дзесяці пунктаў, закліканы вырашыць праблему міграцыі на еўрапейскім узроўні. У плане гаворыцца аб тым, у будучыні ЕЗ павінен будзе лепш размяркоўваць прыбываючых, але і не забывацца пра узмацненне кантролю сваіх знешніх межаў. Мадрыдская газета El País крытыкуе Брусель за напышлівае нежаданне прыгледзецца да праблемы і ўсвядоміць свае памылкі.

«Калі б Еўропа прыслухалася да таго, што кажуць усе мігранты, якія прыбываюць, яна б ведала, што нелегальныя перавозчыкі людзей, якіх усе так баяцца, з’яўляюцца не першапрычынай, але толькі сродкам да дасягнення мэты. Ніхто мігрантаў не падманвае: яны цудоўна ведаюць, на якую рызыку ідуць. Вось чаму інфармацыйныя кампаніі, якія фінансуюцца ў тым ліку і Еўрасаюзам, не маюць ніякага эфекту ў Афрыцы. І ўсё ж гэта – адно з дзесяці рашэнняў, прапанаваных Уршуляй фон дэр Ляен. Уцекачы прыбываюць, таму што не бачаць альтэрнатывы. Справа не ў тым, што рашэння не існуе, проста яно не там, дзе мы яго шукаем. У сваёй фанабэрыі ЕЗ працягвае паўтараць формулы, якія маюць мала агульнага з рэальнасцю», – адзначае гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя