35-я сустрэчы „Зоркі” праходзяць у Новым Ляўкове на Падляшшы
35-я сустрэчы „Зоркі” праходзяць у Новым Ляўкове на Падляшшы. Мэта спатканняў – заахвоціць дзяцей паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы і напісаць кароткія інфармацыі, рэпартажы і інтэрв’ю для дзіцячага дадатку “Зорка”, які выходзіць у тыднёвіку беларусаў у Польшчы “Ніва”. Сёння, 26 верасня, юныя журналісты падарожнічалі ляснымі сцежкамі разам з экскурсаводам, бо тэмай 35-ых спатканняў „Зоркі” стала Белавежская пушча.
Таму, што ў пушчанскіх нетрах захаваліся рэдкія віды флоры і фаўны, паспрыялі заканадаўчыя акты Вялікага княства Літоўскага, кажа экскурсавод Люцына Жлобін:
– У 16 стагоддзі пісалі ў статутах літоўскіх, што ў пушчу нельга ўваходзіць са зброяй. Забаранілі паляваць на зуброў. На зуброў мог паляваць толькі кароль. У канце 16 стагоддзя ўся Белавежская пушча стала прыватнай уласнасцю караля. І нельга было ўвайсці ў пушчу без адмысловых дазволаў. Таму ўсё жывое тут спакойна жыло. Адны каралі палявалі, другія не. І лес не выразалі.
Традыцыйна на сустрэчы “Зоркі” збіраюцца школьнікі, якія вывучаюць беларускую мову ў польскіх школах. Сёлета гэта 16 вучняў з Беластока, Бельска, Гайнаўкі, Орлі, Міхалова і Залук.
Беларускае Радыё Рацыя