Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі два сумесныя праекты



Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Аляксандрам Драздзенкам расказаў пра тэлефонную размову з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, якая адбылася 25 верасня і падчас якой абмяркоўвалася рэалізацыя двух праектаў.

Першы праект — гэта сумесная вытворчасць і абслугоўванне самалётаў. Гаворка ішла аб сумеснай вытворчасці самалётаў невялікай умяшчальнасцю, якія вельмі запатрабаваныя і патрэбныя ў Расейскай Федэрацыі, — растлумачыў Лукашэнка.

Яшчэ адзін праект, які абмеркавалі Лукашэнка і Пуцін, — гэта будаўніцтва другой чыгуначнай веткі з Беларусі ў Санкт-Пецярбург і вобласць, каб была магчымасць перавозіць вялікія аб’ёмы грузаў у расейскія парты і “адтуль працаваць на ўвесь свет”.

Мінлясгас пачынае серыйна выпускаць драўляныя дамы

Літаральна да канца верасня лясгасы запусцяць у серыйную вытворчасць драўляныя дамы, паабяцаў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік у інтэрв’ю тэлеканалу СТБ.

“Мы цяпер ужо цалкам укамплектавалі 20 лясгасаў абсталяваннем, якія могуць выпускаць чатыры віды дамоў. Многія прыходзяць, кажуць: 110 квадратаў — дамок крыху завялікі. Вось такі дамок патрэбны, як садовы. Мы зрабілі два праекты па 60 квадратаў. І запускаем літаральна іх да канца верасня ўжо ў серыйную вытворчасць”, — расказаў Аляксандр Кулік.

Ён назваў і кошт такіх дамоў — каля 20 000 рублёў. “Гэта бэлькі, кроквы, сцены, падлога, столь. Вось такі кірунак мы выбралі і будзем працягваць яго развіваць”, — адзначыў міністр. (nashaniva.com)

Польскія вытворцы солі патрабуюць увесці санкцыі супраць Беларусі

Галіновая некамерцыйная арганізацыя “Польская соль” звярнулася да міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюша Камінскага з просьбай вывучыць магчымасць увядзення нацыянальных ці еўрапейскіх санкцый у дачыненні да беларускіх вытворцаў паваранай солі, паведамляе польскае выданне “Puls Biznesu”. Польскія вытворцы лічаць, што павінны быць уведзеныя санкцыі, аналагічныя абмежаванням у дачыненні да беларускага калію, піша reform.by.

Беларускі прадукт паступае да пакупнікоў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у тым ліку з Польшчы. Гэта сур’ёзная канкурэнцыя польскім кампаніям, хоць кошт экспарту зніжаецца. У мінулым годзе, паводле звестак „Puls Biznesu”, на рынак Еўразвязу паступіла кухоннай солі з Беларусі амаль на 10 млн еўра. Годам раней аб’ём імпарту з Беларусі складаў 22 млн. еўра.

Беларусь атрымала адтэрміноўку па выплаце крэдыту на БелАЭС

Расея ўхваліла адтэрміноўку па крэдыце на БелАЭС. Тэрмін пачатку выплат Савет Федэрацыі перанёс на 1 красавіка 2024 года.

Беларускі бок можа карыстацца грашыма да канца 2023 года, а з 1 красавіка наступнага — пачаць пагашэнне трыцаццю роўнымі долямі кожныя паўгода. Паводле ранейшых дамоўленасцяў выплата крэдыту мусіла пачацца з 1 красавіка 2023 года.

Агульная сума крэдыту — 10 мільёнаў даляраў. Выплачваць крэдыт Беларусі прапануюць таксама расейскімі рублямі. Па звестках “Расатама”, пакуль БелАЭС асвоіла толькі палову сродкаў.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: AFP