У Варшаве адкрылася выстава, прысвечаная Алесю Бяляцкаму (абноўлена)
У Беларускім Доме ў Варшаве адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай кіраўніку праваабарончага цэнтра „Вясна”, лаўрэату Нобелеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму з нагоды дня народзінаў.
Выстава ў гонар Алеся Бяляцкага падзея важная для ўсіх беларусаў, кажа старшыня „Беларускага саюза ў Польшчы”, радны БНР і кіраўнік Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа:
– Адна з тых падзей, якія я лічу важным крокам да паказання праўды, для паказання змагання і жыцця беларускага народа за сваю незалежнасць, свабоду і шлях у будучыню. Адной са шматлікіх асобаў, якія змагаюцца, з’яўляецца Алесь Бяляцкі, які сваім жыццём паказвае, што варта змагацца за беларускасць. Добра, што яна ёсць тут, у іншых гарадах Еўропы, маю надзею будзе і ў гарадах Беларусі. Фільм вельмі моцны, вельмі добры. Мне патэлефанавала жонка Алеся, якую я папрасіў, каб яна паралельна глядзела гэтае кіно. Яна яшчэ раз перадала віншаванні і падзяку. Яна сказала, што фільм глядзіцца на адным дыханні, памятаючы пра ўсіх палітвязняў і пра ўсю Беларусь.
Кажа праваабаронец, публіцыст Уладзімір Хільмановіч:
– Кожная такая выстава, кожная такая вечарына ці акцыя падтрымкі, яна найперш кладзецца цаглінкай нашай беларускай салідарнасці, нашай духовай падтрымкі. Цяжка прагназаваць і меркаваць ці гэта практычна, у практычным сэнсе, непасрэдна матэрыяльным што дае, але я думаю, што дае тыя імпульсы, якія заходзяць ад тых людзей, якія арганізоўваюць такія выставы. Якія распаўсюджваюць інфармацыю, якія выяўляюць салідарнасць у самы розны спосаб, ад такіх вось выстаў, якая зроблена вельмі грунтоўна, ужо паспелі пабачыць, да акцый салідарнасці вулічных, пікетаў, мітынгаў і г.д. Усё гэта кладзецца ў падмурак, ва ўмацаванне нашай агульнай беларускай салідарнасці. Таму надзвычай важна прыгадваць такіх людзей, як Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец, як Мікола Дзядок, як Зміцер Дашкевіч і многіх іншых, якія зараз пакутуюць за ўсю краіну, пакутуюць за нашу Беларусь, якая фактычна знаходзіцца пад акупацыяй. Якія сваімі дзеяннямі яшчэ на волі ўсяляк набліжалі вольнасць усёй Беларусі. Вельмі важна кшталтаваць гэтую салідарнасць і гэтая выстава гэта таксама такая справа, якая кладзецца ў кантэкст гэтай агульнай падтрымкі.
Не абыйшлося без правакацый. У паліцыю паступіў званок, што ў Беларускім Доме закладзена бомба. Таму адкрыццё выставы адбылося пазней пазначанага. Па словах старшыні Беларускага Дома Алеся Зарэмбюка, рэжыму не падабаецца, што пра знакамітага праваабаронцу Алеся Бяляцкага памятаюць.
Напрыканцы імпрэзы выступіў музыкант Пётр Клюеў.
У Беларускім доме ў Варшаве адкрылася выстава, прысвечаная Алесю Бяляцкаму.
Выставу адкрыў Алесь Зарэмбюк.
З паўгадзінным спазненнем вечарына з адкрыццём выставы ўсё ж пачалася. Акрамя выставы, прысвечанай Алесю Бяляцкаму, якая прымеркаваная да яго дня нараджэння, сёння таксама 12 гадоў з часу адкрыцця Беларускага дома.
Адкрыццё выставы аднак затрымліваецца. Невядомыя прыслалі мэйл у Галоўную камендатуру Варшавы і паведамілі, што ў памяшканні Беларускага дому закладзена бомба. Паліцыя зараз на месцы праводзіць праверку.
Беларускае Радыё Рацыя