Агляд прэсы: Ахопленыя страхам
Польскія дыскусіі вакол фільм пра мігрантаў з Беларусі. Зыход армян з Нагорнага Карабаха. Балканам патрэбна перспектыва ўступлення. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Кіруючая польская партыя «Права і справядлівасць» (PiS) распачала жорсткую кампанію супраць вядомага рэжысёра Агнешкі Холланд за стварэнне жахлівага фільма, у цэнтры якога тое, як Польшча абыходзіцца з мігрантамі, якія спрабуюць перасекчы мяжу з Беларуссю», – назірае за сітуацыяй еўрапейскае выданне Politico.
«У ліхаманкавай перадвыбарчай атмасферы рэжысёр Холланд сутыкнулася з такім націскам з боку вышэйшых службовых асоб, што яна плаціць ахоўнай кампаніі за ўласную абарону. Такія засцярогі гвалту не надуманыя – асабліва калі іх як падаграе шматгадовая лінія ўрада, што апазіцыянеры антыпольскія і пранямецкія. На мінулым тыдні быў здзейснены напад на апазіцыйнага дэпутата, што абудзіла ўспаміны пра забойства ліберальнага мэра балтыйскага горада Гданьска ў 2019 годзе. Тым не менш, супрацьстаянне Холланд мае палітычны сэнс для нацыяналістычнай кансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць». Фільм Холланд «Зялёная мяжа» падрывае патрыятычны погляд урада на тое, што Польшча заўсёды мае рацыю. Ён заснаваны на працяглых намаганнях беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі дэстабілізаваць Польшчу, дазваляючы людзям лётаць у Менск з абяцаннем, што яны змогуць увайсці ў ЕЗ. Але гэта абяцанне – хлусня. У смяротнай гульні ў кошкі-мышкі беларускія сілы дастаўляюць людзей да мяжы, але потым адціскаюць да польскіх памежнікаў, якія адмаўляюцца прыняць іх просьбы пра прадастаўленне прытулку, што можа кваліфікавацца як парушэнне міжнародных правілаў. Затым бежанцы застаюцца ў часта прамярзаючых лясах і балотах. Праваабарончыя групы кажуць, што 43 чалавекі загінулі з таго часу, як Лукашэнка стварыў крызіс у 2021 годзе. Аператары кінатэатраў у асноўным адмовіліся ад кінапаказаў у Польшчы.
Аднак гэта не адпужвае гледачоў. Ён сабраў 137 000 гледачоў у першы ўік-энд, што стала лепшым паказчыкам для польскай вытворчасці ў гэтым годзе», — канстатуе еўрапейскае выданне.
Пасля таго як Азербайджан заявіў аб узяцці Нагорнага Карабаха пад свой кантроль, адтуль тысячамі бягуць мірныя армянскія жыхары. Людзі баяцца выгнання ці рэпрэсій з боку новых уладаў. Страхі яшчэ больш узмацніліся на фоне трагедыі, якая адбылася ў панядзелак увечары: на аўтамабільнай трасе каля сталіцы рэгіёну горада Сцяпанакерт адбыўся выбух на складзе паліва, у выніку якога загінулі сама меней 20 чалавек, а сотні людзей параненыя. «Еўразвяз павінен дакладна ўказаць Азербайджану межы, якія пераходзіць недапушчальна», – з такім патрабаваннем выступае амстэрдамская газета De Volkskrant.
«Еўразвяз мае намер пры дыпламатычнай падтрымцы ЗША выступіць пасярэднікам паміж абедзвюма краінамі. Іронія лёсу тут заключаецца ў тым, што з нядаўняга часу Еўразвяз закупляе тую долю газу, якую ён больш не жадае купляць у Масквы, не ў каго-небудзь, а ў Баку. Нягледзячы на перамовы абедзвюх краін з Еўразвязам, а збольшага і з Расеяй, вось ужо на працягу больш чым года відаць, што Баку вядзе перамовы вельмі жорстка. Абуральныя парушэнні правоў чалавека могуць стаць прадвеснікам яшчэ больш жорсткага гвалту, да якога можа дайсці, калі амбіцыі Азербайджана не сустрэнуць адпору. Еўрасаюз павінен даказаць, што яго знешняя палітыка распасціраецца далей за заключэнне здзелак па газе, якія ставяць яго ў залежнасць ад Баку», – нагадвае нідэрландскае выданне.
На поўначы Косава група з прыкладна з 30 узброеных баевікоў атакавала паліцыянтаў. Прэм’ер-міністр Косава Альбін Курці назваў тое, што адбываецца, тэрорам і ўсклаў віну на Сербію. Бялград абвінавачванні абвяргае. Аўстрыйская газета Salzburger Nachrichten мяркуе, што ў Еўразвяза ёсць абавязацельствы перад Балканамі.
«Пасля маштабнага раўнда пашырэння на ўсход Еўразвяз забыўся пра Балканы. Толькі напад Расеі на Украіну нагадаў нам аб тым, што на самой справе Еўрапейскі звяз, як мірны праект, стаў высновай, зробленым з вопыту сусветных войнаў XX стагоддзя. А таксама пра тое, што сёння, як ніколі раней, ён можа стаць такім сімвалам для Балкан. Незалежна ад таго, як будзе адбывацца інтэграцыя і наколькі ЕЗ давядзецца пры гэтым заняцца самарэфармаваннем, чым больш канкрэтнымі стануць перспектывы ўступлення ў ЕЗ для краін Заходніх Балкан, тым большы ціск будзе гэты рэгіён адчуваць на сабе – з тым, каб дасягнуць прымірэння», – нагадвае аўстрыйскае выданне.
На мінулым тыдні на працягу ўсяго толькі трох дзён на італьянскі востраў Лампедуза прыбылі 10 000 бежанцаў. ЕЗ стаіць на парозе рашэння праблемы, як ён павінен будзе лепш размяркоўваць прыбываючых, але і не забывацца пра ўзмоцнены кантроль сваіх знешніх межаў. «У тым, што тычыцца міграцыі, палітыкі павінны даць грамадству ясныя і дакладныя адказы», – піша славацкі партал Portal Plus.
«Колькі мігрантаў здольнае прыняць або прапусціць праз сябе транзітам наша грамадства ў яго цяперашнім стане, не ставячы пад пагрозу сацыяльна-эканамічную стабільнасць і бяспеку краіны? Трэба адказаць на яшчэ адно важнае пытанне: якая міграцыйная структура нам насамрэч неабходна – улічваючы дэфіцыт у пэўных сектарах эканомікі і сацыяльных сістэмах? У залежнасці ад таго, які будзе адказ на гэтыя пытанні, і павінны прымацца меры, ці то ў сферы давання прытулку, інтэграцыйнай палітыкі ці аховы межаў. І меры гэтыя павінны быць такімі, каб узрастаў давер з боку грамадзян, а таксама гарантаваліся якасць жыцця і развіццё краіны», – прапануе славацкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя