Батумі першы горад, дзе сёлета пройдзе PRADMOVA



Фэст інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA сёлета пройдзе ў чатырох гарадах па-за межамі Беларусі. Першым горадам, дзе пачнецца гэты фэст — гэта грузінскі Батумі.

Пра асаблівасці фэсту ў Батумі распавядае адна з арганізатараў Аксана Акуневіч:

– Я лічу, што ўсе мерапрыемствы, якія робяць беларусы ў Батумі, у першую чаргу арыентаваныя на беларусаў і для беларусаў. Добра, што частка людзей прыедзе не толькі з Батумі. Прыедуць госці з Тбілісі, ну і канешне мы запрашаем знаёмых грузінаў, яны таксама зацікаўленыя, прыйдуць і ўкраінцы.

Яна лічыць, што такія фэсты будуць цікавыя не толькі дарослым, але і дзеткам:  

– Калі мы падалі праграму, то мы рабілі такім чынам, каб сюды маглі прыйсці сем’і. PRADMOVA – гэта фестываль інтэлектуальнай кнігі і інтэлектуалаў. Але атрымліваецца, што калі ў цябе з’яўляюцца дзеці, то ты выкінуты з кантэксту, бо няма з кім іх пакінуць. Таму, калі мы складалі праграму, мы рабілі такім чынам, каб увесь час дзецям было чым заняцца. Каб бацькі не вымушаныя былі думаць, хто сядзіць з дзецьмі, а хто ідзе на імпрэзы.

Фэст у Батумі пачнецца а 12-й гадзіне 30-га верасня. Поўную праграму можна паглядзець на адмысловым сайце гэтага фэста.

Беларускае Радыё Рацыя